Тэма тыдня: Праграма дзейнасці ўрада Беларусі на 2015 год

Актуалии

Лукашэнка ўраду: пара выходзіць з кабінетаў і займацца канкрэтнай вытворчасцю
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе членаў урада і старшынь аблвыканкамаў на непасрэдны практычны ўдзел у вырашэнні тых ці іншых пытанняў у развіцці краіны і асобных галін ва ўмовах існуючых цяжкасцей у эканоміцы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 26 лютага на нарадзе па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.
«Ужо вядомы першыя вынікі студзеня, ды і люты скончыўся. Нягледзячы на некаторыя станоўчыя вынікі ў асобных галінах, у цэлым эканоміка не расце. Адстае прамысловасць, павялічваюцца запасы на складах і ўзаемныя неплацяжы. Пакуль не спрацоўваюць прымаемыя меры падтрымкі экспарту. І ўсё гэта пачынае ўплываць на людзей. Рэальныя даходы не растуць», — канстатаваў Прэзідэнт.
«Мы ведаем, што такія праблемы сёння не толькі ў нас. Але нельга ўсё звальваць на знешнія фактары», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ад кіраўніцтва ўрада кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прадставіць не толькі справаздачу аб бягучай сітуацыі, але і выказаць канкрэтныя прапановы, а таксама далажыць аб выкананні раней дадзеных даручэнняў. «Даўно пара ўжо вылазіць з кабінетаў і займацца канкрэтнай вытворчасцю. Сёння гэта пытанне нумар адзін, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы прынялі праграму дзеянняў, далажылі яе дэпутатам, як і належыць па заканадаўстве. Але мяне сёння цікавіць не гэта. Распрацаваныя вамі сцэнарыі — тры-пяць або дзесяць — гэта выключна ваша справа. Мяне цікавіць тэндэнцыя, зрухі, што зроблена для таго, каб элементарна, прадаўшы прадукцыю, атрымаць грошы».
Прэзідэнт строга папярэдзіў аб недапушчальнасці наяўнасці пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці за пастаўленую за мяжу прадукцыю. «Гэта крымінальнае злачынства. Мы ўжо вывелі гэту праблему на ўзровень пракурораў Беларусі і Расіі», — адзначыў Прэзідэнт.
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў далажыў на нарадзе аб стане спраў у эканоміцы і планах урада па вырашэнні існуючых праблем. Паводле яго слоў, снежаньскі шок ад дэвальвацыі расійскага рубля, фактычнае сцісканне ўнутранага расійскага рынку вельмі негатыўна паўплывалі на беларускую эканоміку. «Відавочна, што жорсткія меры балансіроўскі эканомікі, якія былі рэалізаваны ў снежні-студзені, не маглі не паўплываць на рэальны сектар і яго фінансавы стан. Таму сёння да задачы аднаўлення нармальнай работы прамысловасці ў шырокім яе разуменні зводзяцца ключавыя пытанні эканамічнай палітыкі. На гэта завязаны банкаўская сістэма, экспарт, занятасць і даходы насельніцтва», — сказаў Андрэй Кабякоў.
Нацбанк Беларусі заяўляе аб кардынальным паляпшэнні сітуацыі на фінансавым рынку
Аб гэтым заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур пасля завяршэння нарады ў кіраўніка дзяржавы.
«Студзень быў няпростым месяцам у развіцці нашай эканомікі. Былі пэўныя накопленыя праблемы снежня 2014 года на валютным і фінансавым рынку ў цэлым. У той жа час гэта сітуацыя кардынальна змянілася ў лютым. Мы маем стабільную сітуацыю ў першую чаргу на валютным рынку, у поўнай меры задавольваецца попыт насельніцтва і юрыдычных асоб на валюту. Такая ж стабільная сітуацыя і на дэпазітным рынку», — заявіў кіраўнік Нацбанка.
Паводле слоў Паўла Калаура, прырост укладаў адбываецца як у беларускіх рублях, так і ў валюце, эканоміка мае дастаткова рэсурсаў, каб забяспечваць падтрымку працэсу крэдытавання.
«З банкаўскай сістэмай непасрэдна разгледжаны новыя падыходы да крэдытавання. Безумоўна, упор робіцца на эфектыўныя праекты. У той жа час усе часовыя абмежаванні па крэдытаванні, якія былі ўведзены ў канцы мінула года, зняты», — дадаў старшыня праўлення Нацбанка Беларусі.
Урад Беларусі рэалізуе комплекс мер па падтрымцы экспарту
Аб гэтым заявіў журналістам першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі па выніках праведзенай у кіраўніка дзяржавы нарады.
У канцы мінулага — пачатку гэтага года Беларусь сутыкнулася з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў рэалізацыі тавараў на традыцыйных рынках. У выніку ўрад прыняў шэраг мер з мэтай стабілізацыі сітуацыі. «На жаль, пакуль яшчэ застаюцца даволі высокія стаўкі ў эканоміцы. Тым не менш мы рэалізуем цэлы комплекс мер па зніжэнні гэтых ставак, па даступнасці крэдытаў. Паралельна ўрадам рыхтаваўся і рэалізоўваўся цэлы комплекс мер як сістэмнага характару па падтрымцы эканомікі, так і асобныя кропкавыя рашэнні па найбольш важных для эканомікі прадпрыемствах. Ужо ў лютым мы бачым пэўныя пазітыўныя зрухі ў частцы вяртання выручкі, пазіцыянавання на нашых традыцыйных рынках», — заявіў першы віцэ-прэм’ер.
Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што дынаміка па галінах складваецца па-рознаму. З найбольшымі выклікамі і цяжкасцямі сутыкнуліся прамысловыя прадпрыемствы, у першую чаргу ў сферы машынабудавання. «Тут, вядома, яшчэ спатрэбяцца дадатковыя намаганні, каб мы змаглі нівеліраваць вынікі страт на традыцыйных рынках. Стаіць задача выхаду на рынкі краін, якія не ўваходзяць у Мытны саюз. Адпаведна, патрэбны цэлы комплекс мер па стымуляванні падтрымкі экспарту», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.
Васіль Мацюшэўскі асабліва падкрэсліў, што цяпер стаіць задача максімальна «прызямліць» на ўзровень канкрэтных прадпрыемстваў і галін тыя макраэканамічныя пытанні і меры, якія былі выпрацаваны ўрадам і абмяркоўваліся на нарадзе ў Прэзідэнта. «Год будзе, безумоўна, няпростым. Нявызначанасць на знешніх рынках захоўваецца. Таму мы гаворым прадпрыемствам аб неабходнасці гібка рэагаваць на знешнія шокі, істотна знізіць унутраныя выдаткі і сур’ёзна папрацаваць з экспартам, асабліва на нетрадыцыйных рынках. А задача ўрада — стварыць рамачныя ўмовы, прыняць стымулюючыя меры і дапамагчы на палітычным узроўні пашыраць экспарт», — рэзюмаваў першы віцэ-прэм’ер.
Маніторынгавая група на чале з Мясніковічам зоймецца выпрацоўкай прапаноў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця
Аб гэтым расказалі ў прэс-службе Прэзідэнта Беларусі па выніках праведзенай у кіраўніка дзяржавы нарады па эканамічнай тэматыцы.
Прэзідэнту на нарадзе было даложана, што ў лютым сітуацыя па асобных галінах, на валютным рынку і ў фінансавай сферы ў цэлым у значнай ступені стабілізавалася. Урад рэалізуе комплекс мер па стымуляванні экспарту беларускіх тавараў, ставячы мэту максімальна дыверсіфікаваць знешнія рынкі. Абмяркоўваліся на нарадзе і тэмы імпартазамяшчэння, забеспячэння належнай якасці вырабляемай прадукцыі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *