Беларуская лыжня-2015
Апошнія гады не вельмі радуюць нас стабільным зімовым надвор’ем. У мінулым годзе з-за адсутнасці снегу лыжныя спаборніцтвы наогул прыйшлося адмяніць, ды і сёлета да апошняга было невядома, ці адбудзецца традыцыйнае зімовае свята “Беларуская лыжня”. Але свята адбылося. На стадыёне раённай гімназіі ў мінулую суботу сабраліся аматары здаровага ладу жыцця, спартсмены-лыжнікі, балельшчыкі – калегі з арганізацый і прадпрыемстваў раёна, сваякі тых, хто выйшаў паспаборнічаць на лыжні.
Адкрываючы свята, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў нагадаў, што лыжныя спаборніцтвы для нашага раёна маюць асаблівае значэнне – нашы маладыя землякі-спартсмены Ганна Сола, Ала Талкач добра вядомыя ўжо на міжнародным узроўні. Ужо на наступным тыдні мы будзем балець за іх, калі яны будуць абараняць гонар Беларусі на юніёрскім чэмпіянаце свету па біятлоне, які пройдзе ў Раўбічах, што пад Мінскам. Падрастаюць новыя лыжнікі і біятланісты, якія таксама добра паказваюць сябе на пакуль яшчэ дзіцячых спаборніцтвах. Добрай лыжні і перамог пажадаў Анатоль Мікалаевіч удзельнікам “Беларускай лыжні-2015”, і сам узначаліў спаборніцтвы, узяўшы старт на лыжні праз некалькі хвілін.
Сёлета на старт выйшлі амаль 240 спартсменаў. На лыжні было шмат знаёмых твараў – Аляксандр Штокін, Алег Далімаеў, Сяргей Гоманаў, Інета Пацэлуйка, Зафія Алюліна, Аляксандр Лысанаў і многія-многія іншыя, хто штогод удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах на лыжах, хто не аднойчы ўзнімаўся на прыступкі п’едэсталу падчас цырымоніі ўзнагароджання. Было многа маладых хлопцаў і дзяўчат – гэта ўсяляе ўпэўненасць, што свята будзе збіраць аматараў лыжні яшчэ многія гады. Радаснымі воклікамі падтрымлівалі сваіх бацькоў і матуль дзеці. Нельга абысці традыцыйную намінацыю – сямейную эстафету, у якой бралі ўдзел пяць сем’яў.
Сёлета арганізатары змянілі фармат стартаў. У кожнай групе быў масавы старт, што надало спаборніцтвам большай вастрыні, бо пераможца вызначаўся не ў судзейскіх пратаколах, а адразу на фінішы. Барацьба была б яшчэ больш гарачай, калі б захаваліся мінулагоднія дыстанцыі. Але ўмовы надвор’я вымусілі арганізатараў абмежавацца практычна толькі рамкамі стадыёна і скараціць дыстанцыю гонкі да 1-2 км. І на фінішы можна было пачуць: “Ну вось, толькі разагналіся, а ўжо канец”. А некаторыя спартсмены ў гарачыні гонкі замест двух кругоў заходзілі на трэці, а часам і на чацвёрты круг, губляючы свае шансы на перамогу.
Па добрай традыцыі ўдзельнікаў спаборніцтваў і балельшчыкаў частавала гарачай смачнай поліўкай і булачкамі райспажыўтаварыства, прапаноўвалі прысмакі з гімназіі. Работнікі культуры падрыхтавалі музычную праграму, якая падбадзёрвала лыжнікаў, надавала азарту балельшчыкам. Шумілінскія музыкі нагадалі ўсім і пра тое, што спаборніцтвы праходзяць у Дзень Святога Валянціна – дзень усіх закаханых.
Свята завяршылася ўзнагароджваннем пераможцаў спаборніцтваў. А ў наступную суботу ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця запрасілі на стадыён г. п. Шуміліна, дзе пройдуць спаборніцтвы ў рамках масленічных святаў.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Вынікі лыжных спаборніцтваў
Мужчыны
18-29 год
1. Віктар Полацкі (РАНС)
2. Артур Анішчанка (Мішневіцкая СШ)
3. Дзмітрый Котаў (“Лаўжанскае”)
30-39 год
1. Аляксандр Лысанаў (ОКЗ)
2. Андрэй Далецкі (Башнёўская СШ)
3. Андрэй Іскол (райгаз)
40-49 год
1. Аляксандр Ходзюш (СШ №1)
2. Сяргей Гоманаў (“Райаграсэрвіс”)
3. Андрэй Парасянкоў (раённая гімназія)
50-59 год
1. Юрый Лапацін (Навікоўская СШ)
2. Аляксандр Барысевіч (“Лаўжанскае”)
3. Браніслаў Ільясевіч (Мішневіцкая СШ)
60 і старэй
1. Аляксандр Штокін (Обаль)
2. Алег Далімаеў (Навікі)
3. Аляксандр Ласянкоў (Амбросавічы)
Жанчыны
18-29 год
1. Юлія Конышава (Мішневіцкая СШ)
2. Марына Мацюшкова (ЦРБ)
3. Кацярына Іваненка (раённая гімназія)
30-39 год
1. Любоў Шурмілёва (д/сад-яслі №4)
2. Святлана Скорынава (“Ахова”)
3. Наталля Конышава (Лаўжанская БШ-д/с)
40-49 год
1. Антаніна Караленка (Язвінская БШ)
2. Ірына Ахтарыева (Язвінская БШ)
3. Ірына Загвоздава (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама)
50-59 год
1. Галіна Корбан (“Лаўжанскае”)
2. Людміла Арэхава (Башнёўская СШ)
3. Алена Окунева (Мішневіцкая СШ)
60 і старэй
1. Інэта Пацалуйка (Пабеда)
2. Зофія Алюліна (Шуміліна)
Сямейная эстафета
1. Сям’я Рагожкіных
2. Сям’я Хамаганавых
3. Сям’я Архіпавых
Надрукавана ў №13 ад 17.02.2015 г.