Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Барсетка

Жыхар Шуміліна пакінуў свой аўтамабіль на вуліцы Луначарскага. Пры гэтым забыўся замкнуць, пра што неўзабаве пашкадаваў. З машыны прапала барсетка, у якой ляжала 3,4 мільёна беларускіх рублёў, 20 долараў ЗША і банкаўская картка. Узбуджана крымінальная справа.
Аўтамабіль
Яшчэ ў мінулым годзе ў гаспадара з в. Светласельская быў украдзены мікрааўтобус “Фальксваген-Каравэла”. Нядаўна супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама сумесна з шумілінскімі калегамі  раскрылі крадзеж. У ім прызнаўся раней судзімы жыхар Кобрына, які быў затрыманы за іншае злачынства. У мужчыны знайшлі тэхпашпарт на ўкрадзены аўтамабіль. Мікрааўтобус канфіскаваны і будзе вернуты гаспадару.
Мёд
Пацярпеў жыхар Обалі: на ягонай пасецы пабывалі злодзеі. Яны ўкралі шэсць рамак з мёдам, якія ацэнены на 1,8 мільёна рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Абавязаная
Жыхарка а.-г. Мікіціха была абавязана плаціць грошы на сваіх дзяцей, якіх выхоўвае дзяржава. За ўхіленне ад выплаты сродкаў суд прызначыў жанчыне пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх работ. Але жанчына зусім і не думала працаваць, яна паспрабавала збегчы з пастаяннага месца жыхарства. Жанчыну арыштавалі. Супраць яе будзе ўзбуджана крымінальная справа.
Цана выпіўкі
Жыхарка Шуміліна трапіла ў бальніцу з разрывам селязёнкі і ўнутрыбрушным кровацячэннем. Па заключэнні экспертаў, гэтыя пашкоджанні адносяцца да цяжкіх. А прычыніў іх знаёмы пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў. Мужчына затрыманы. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
Трактары

На мінулым тыдні супрацоўнікі ДАІ прыпынілі на вуліцы Юбілейнай траіх механізатараў УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”,  якія ехалі на трактарах з няспраўнымі светлавымі прыборы. Складзены адміністрацыйныя пратаколы. Механізатарам пагражае штраф да 1 базавай велічыні, а службовай асобе, якая выпускала трактары на лінію, – ад 4 да 6 базавых велічынь.
Аварыйная сітуацыя
Жыхар Дабеі, які прыехаў у Віцебск на аўтамабілі “Хёндэ-Салярыс”, стварыў аварыйную сітуацыю: на перакрыжаванні вуліц Дзімітрава-Еўсцігнеева не ўступіў дарогу жыхару Віцебска, які ехаў па галоўнай дарозе на аўтамабілі “Рэно-Меган”. Жыхар Дабеі выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС. За стварэнне аварыйнай сітуацыі яму пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
“Зімовая дарога”
З 26 студзеня па 12 лютага супрацоўнікі ДАІ праводзяць прафілактычнае мерапрыемства “Зімовая дарога”. Узмоцнены кантроль за ўтрыманне дарожнай сеткі ДРБУ-204 і УП ЖКГ, правяраецца тэхнічны стан аўтамабіляў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 9 ад 03.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *