“Да мамкі не хачу, лепш у прытулак”
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, якую правёў яе кіраўнік намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Усіх запрошаных на камісію можна было раздзяліць на дзве катэгорыі: тых, хто трапіў сюды першы раз (і, спадзяемся, апошні) па свайму ж глупству, і тых, хто тут пастаянныя “кліенты”. На жаль, апошніх было значна больш. І практычна ўсе яны прайшлі выправанне саракаградуснай вадкасцю. Некаторыя вырашылі паспрабаваць смак цвярозага жыцця, але атрымалася не ва ўсіх. Калі дакладна: “Перашкодзілі навагоднія святы. Ну, як жа не адзначыць, як не выпіць?” І гэта нягледзячы на тое, што дзяцей забралі ў прытулак. Многія з абавязаных бацькоў на папярэднім пасяджэнні кляліся і ў хаце прыбраць, і шпалеры паклеіць, і дзяцей у прытулку наведваць. А яшчэ – спраўна хадзіць на работу, бо гэта абавязкова, калі хочаш вярнуць дзіця. Але тыя клятвы былі так даўно – ажно ў мінулым годзе.
А вось для некаторых дзетак Новы год і зусім не быў святам. Бо перад самым Новым годам дзеці аказаліся ў прытулку. Гэта быў немалы стрэс, асабліва для падлеткаў. Як паказвае жыццё, ніводнае дзіця не хоча апынуцца ў гэтай установе. Яно лепш будзе з бацькамі-п’яніцамі, абы дома. Выключэнне складае адна 13-гадовая дзяўчына. Пасля чарговых матчыных пабояў яна збегла з дому. І калі быў выбар, вярнуцца дадому ці ехаць ў прытулак, дзяўчынка сказала: “Да мамкі не хачу, лепш у прытулак”.
Што ж такое павінна здарыцца ў сям’і, каб дзіця не хацела туды вяртацца? Сацыяльныя педагогі і псіхолагі сцвярджаюць, што ў дзяўчынкі душэўная траўма: некаторы час яна жыла ў дзіцячым доме, бо мамку калісьці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Узнавілася ў бацькоўстве, адумалася, але ненадоўга: праз некаторы час дзяўчынка аказалася ў прытулку. І цяпер кажа, што дадому не хоча вяртацца. Там б’юць, там не разумеюць, там пра яе не клапоцяцца.
“Так, дачка не начавала дома, таму я пабіла яе шнуром ад праса”, – расказала маці. Яна назвала сваю дачку лайдачкай, якая “і ў сваім пакоі ні разу не падмяце”. А вось настаўнікі і работнікі прытулку характарызуюць дзяўчынку як спакойную, працалюбівую і старанную. Больш таго, маці патэлефанавала ў прытулак і сказала сваёй дачцэ страшнае: “Ты мне не патрэбна. Я ад цябе буду адмаўляцца”. Такі ўдар ад роднага чалавека.
Работнікі прытулку былі сведкамі гэтай размовы, доўга не маглі супакоіць дзяўчынку, якая зараз нават і чуць не хоча слова “мама”. Напэўна, гэтай жанчыне наўрад ці ёсць сэнс нагадваць пра мацярынскі доўг. Тым не менш з маці і з дачкой працуюць псіхолагі. Яны стараюцца ўрэгуляваць бацькоўска-дзіцячыя ўзаемаадносіны.
Пасля пасяджэння камісіі ў адных бацькоў, якія любяць заглядваць у чарку, дачка была змешчана ў прытулак. Але яе цёця збірае дакументы, каб аформіць над дзяўчынкай апякунства.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.
Пригласили на комиссию по делам несовершеннолетних
