Пра лідараў і камандны дух
У мінулыя выхадныя ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны абласны турнір па валейболе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Пятра Акуцыёнка. На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў пажадаў удзельнікам спаборніцтваў прыгожай гульні, яркіх спартыўных перамог.
У суботу за перамогу змагаліся старэйшыя валейбалісты. У турніры бралі ўдзел тры каманды – “Віцебск” і “Шуміліна”, у складзе якіх выступалі валейбалісты 1998-1999 гадоў нараджэння, і “Здароўе”, за якую гулялі шумілінскія дарослыя.
“У пачатку лютага пройдзе першынство вобласці па валейболе сярод юнакоў 1998-1999 гадоў нараджэння, – расказвае трэнер Аляксей Паршыкаў. – Турнір – генеральная рэпетыцыя перад першынством”. За перамогу змагаліся тры роўныя каманды, гэта і пацвердзіў турнір – на рахунку кожнага калектыву па перамозе і пройгрышы. Па дадатковых паказчыках месцы размеркаваліся так: першае – “Здароўе” (лепшыя ў камандзе Яўген Завадскі і Сяргей Абраменка), другое – “Віцебск”, трэцяе – “Шуміліна”. Як адзначыў трэнер, задачы выйграць турнір не ставілася, галоўнае было, абыграць канкурэнтаў на першынстве вобласці – віцяблян. І гэта было зроблена.
У нядзелю змагаліся за званне лепшай шэсць каманд (валейбалісты 2000 года нараджэння) – “Шуміліна” (два саставы), Наваполацк, Віцебск, Верхнядзвінск і Глыбокае.
“Шуміліна-1” – двухразовыя чэмпіёны вобласці, асноўныя канкурэнты – пастаўскія валейбалісты – на турнір не заявіліся. Але на пляцоўцы атрымаўся зусім іншы расклад. У нашай каманды не было яўнай перавагі над сапернікамі. У групавых матчах супраць віцебскай і верхнядзвінскай каманд змаглі атрымаць перамогі дзякуючы добрай гульні лідараў Антона Сушынскага і Ягора Пальвінскага. Толькі вось валейбол – камандная гульня. Гэта яшчэ раз даказала фінальная сустрэча: верхнядзвінскія валейбалісты ўзялі рэванш у “Шуміліна-1” за паражэнне ў групе і выйгралі турнір.
А вось “Шуміліна-2” стала сапраўдным адкрыццём турніру. Для іх гэта быў першы сур’ёзны турнір. Ілья Хамаганаў, Даніла Сафонаў, Мікіта Лабоўкін, Мікіта Дарожкін, Аляксандр Лабачоў, Мікіта Сяргееў, Станіслаў Бяззубенка і Ілья Піульскі паказалі добрую камандную гульню. Яны хацелі гуляць і перамагаць, а недахоп валейбольных навыкаў кампенсавалі камандным духам і азартам. У першай сустрэчы перамаглі наваполацкую каманду, а ў другой не пакінулі шансаў глыбоцкім валейбалістам. У матчы за трэцяе месца яшчэ раз перамаглі “Наваполацк”.
“Турнір удаўся, – падсумоўвае Аляксей Паршыкаў. – Старэйшыя валейбалісты перад абласным першынством атрымалі добрую гульнявую практыку, перамаглі асноўных канкурэнтаў. Вельмі парадавала “Шуміліна-2”, пры такіх адносінах да валейболу на рахунку гэтай каманды будзе яшчэ шмат перамог”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.
В Шумилино прошёл областной турнир по волейболу
