Шумилинская районная Доска почёта: Илзе Тириня

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Накарміць, напаіць, выхадзіць
Гэту жанчыну летам і восенню можна сустрэць у лесе і на полі з пакетам ці кошыкам. Яна збірае лекавыя травы. Сушыць на зіму некалькі ахапкаў крываўніку, святаянніку, піжмы. Назапашвае і дубовую кару – таксама лячэбная. “У мяне многа пацыентаў, так што і лекаў трэба многа”, – усміхаецца Ілзэ Янаўна Цірыня, даярка фермы Амбросавічы ААТ “Прыазёрны мір”.
“Пацыентамі” жанчына называе сваю групу кароў і нованароджаных цялятак. “У жывёлы, як і ў людзей, не бывае так, каб не хварэлі, – кажа Ілзэ Янаўна. – Антыбіётыкі – гэта  крайні выпадак, калі бязвыхадная сітуацыя. А так можна вылечыць народнымі спосабамі, пры дапамозе травак”.
У яе групе, можна сказаць, самыя здаровыя каровы і цяляты. І гэта пры тым, што Ілзэ Янаўне даверылі адзін з самых складаных ўчасткаў работы – навацельных кароў.
Маючы за плячыма больш як дваццаць гадоў работы ў жывёлагадоўлі, жанчына з упэўненасцю сцвярджае: менавіта ад раздою залежыць, ці будзе карова малочнай. Таму стараецца. Даглядае кожную  карову як сваю ўласную. І вынік навідавоку – за адну дойку каровы даюць па вядру малака. Дарэчы, за мінулы год надой на карову ў групе Ілзэ Янаўны склаў 4874 кілаграмы малака, а валавы надой – 143,3 тоны.
“Ды няма ніякіх асаблівых сакрэтаў у маёй рабоце, – кажа І. Я. Цірыня. – Галоўнае, каб у кароўніках было чыста і суха, у кармушках ляжала сянцо, каб давалі жывёле сянаж, кукурузу і канцэнтраты. Ну, а яшчэ да кожнай кароўкі трэба падыходзіць з любоўю. Гэта я ведаю дакладна. Усвядоміла, калі яшчэ жыла з бацькамі ў Латвіі і там вучылася на даярку, потым працавала. А ў Беларусь пераехала ў пачатку 90-х гадоў, калі ў Латвіі распаліся калгасы. На Шуміліншчыне жывецца і працуецца не горш. У нас сучасная ферма, дзякуючы новым малакаправодам праца даяркі значна аблегчана”.
Дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко з задавальненнем расказаў пра адну з лепшых даярак фермы Амбросавічы, якая і прыйдзе раней на работу (каб для прафілактыкі напаіць цялятак “гарбатай” з лячэбных траў), і затрымаецца вечарам, калі трэба, і дапаможа прыняць ацёлы.
“Я люблю сваю работу, – шчыра кажа Ілзэ Янаўна. – Працую з задавальненнем”. І ёсць вынік. У мінулым годзе прозвішча аператара машыннага даення І. Я. Цірыні было занесена на раённую Дошку гонару.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №6 ад 23.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *