“Лепшае багацце – гэта беражлівасць” –
сцвярджае народная мудрасць і ўдзельнікі традыцыйнага раённага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”. Фарміраванне ў юнага пакалення беражлівых і эканомных адносінаў да энергарэсурсаў і навакольнага асяроддзя, выкарыстання сучасных ідэй і метадаў энергазберажэнняў як ва ўстановах адукацыі, так і дома, – асноўныя задачы мерапрыемства. Васямнаццаць устаноў адукацыі паспрабавалі даць свае падыходы да гэтых праблем, прычым зрабілі гэта арыгінальна, падаўшы ў розных формах.
Тон мерапрыемству задаў васьмікласнік Обальскай школы Алег Мяшкоў, які прэзентаваў доследную работу “Крок у будучыню” (кіраўнік Т. Л. Сачыўка) у намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод вучняў устаноў адукацыі”. Алег вывучыў, як датчыкі руху дапамагаюць эканоміць электраэнергію. У рабоце былі прааналізаваны паказчыкі спажывання электраэнергіі двух аднолькавых дамоў, але ў пад’ездах аднаго дома стаялі датчыкі руху, у другім – не. Лічбы красамоўна даказалі эфектыўнасць сучаснага абсталявання.
Затым выхавальніца дзіцячага садка №3 з райцэнтра Г. В. Аўтушка прадставіла праект “Фарміраванне асноў культуры энергазберажэння ў старэйшых дашкольнікаў у працэсе эканамічнага выхавання”. Галіна Васільеўна падкрэсліла, што ў дзіцячым садку вядзецца комплексная работа па выхаванні культуры энергазберажэння, у якую ўключаны не толькі работнікі садка і дзеці, а і бацькі. Менавіта такая форма работы, на думку Г. В. Аўтушкі, найбольш эфектыўная.
А. Мяшкоў і Г. В. Аўтушка будуць дэманстраваць свае работы на абласным энергамарафоне.
“Лепшая творчая работа ўстаноў адукацыі па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” ацэньвалася па трох намінацыях.
Яркія запамінальныя лозунгі, танцы, спевы, інсцэніроўкі – ўсё гэта было падчас намінацыі “агітбрыгада”. Беражы ваду і цяпло, карыстайся энергазберагаючымі лямпачкамі – асноўныя тэмы выступленняў агітбрыгад з Обальскай СШ, СШ №2, СШ №1. На абласным энергамарафоне гонар нашага раёна будзе абараняць агітбрыгада 7 “А” Шумілінскай СШ №1 з праграмай “Дом маёй мары”.
А ў намінацыі “відэаролік” лепшым стаў ролік “Беражыце электраэнергію” Амбросавіцкай школы.
Чатырнаццаць устаноў адукацыі былі заяўлены ў намінацыі “плакат”. У плакатах – заклапочанасць лёсам Зямлі з-за бяздумнага энерга- і рэсурсаспажываня. Юныя мастакі прапанавалі і свае варыянты энергазберажэння і тыя, пра якія ведаюць усе: энергазберагаючыя лямпачкі, добра закрыты кран, уцяпленне вокнаў і дзвярэй.
Завяршыўся энергамарафон намінацыяй “Лепшы педагагічны работнік па выхаванні культуры энергазберажэння”. Журы, узначальваў якое намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч, адзначыла Н. А. Цяцюеву з Сіроцінскай школы (“Дыдактычныя распрацоўкі матэрыялаў па энергазберажэнні”) і А. С. Окуневу з Мішневіцкай школы (“Выхаванне культуры энергазберажэння ў вучняў”).
А кожны з нас можа зэканоміць электраэнергію ў сябе дома. У звычку кожнага павінна ўвайсці простае правіла: “Калі выходзіце, выключайце святло!” –гэтага элементарнага дзеяння дастаткова, каб істотна скараціць расходы на электраэнергію.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №4 ад 16.01.2015 г.