Работа ўваходзіць у штатны рэжым
“Ускладненне ўмоў надвор’я адразу выявіла праблемныя ўчасткі ў рабоце дарожных службаў і не толькі. Пагаршэнне дарожных умоў з-за снегу прывяло да некалькіх ДТЗ, у тым ліку і з пацярпелымі, – з гэтай тэмы пачаў учора нараду старшыня райвыканкама У. П. Куранны. – Аналіз сітуацыі паказвае, што здарэнні ў большасці адбыліся з-за парушэння хуткаснага рэжыму на дарозе. Дзяржаўтаінспекцыя павінна ўзмацніць кантроль за сітуацыяй і навесці на дарозе парадак. Дарожным службам трэба актывізаваць расчыстку дарог, асабліва Р-20, улічваючы інтэнсіўнасць руху на ёй. Бяспека чалавека – перш за ўсё: на дарозе, на ферме, у цэху, нават дома”.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава паведаміла, што ў сельскай мясцовасці дрэннае надвор’е не прынесла надзвычайных сітуацый, усе службы працуюць у штатным рэжыме. Дзе патрэбна, аператыўна праводзіцца рамонт асвятлення, водазабеспячэння і іншае.
Ірына Мікалаеўна расказала, што пачынаецца штогадовы падворны абход па сельскіх населеных пунктах з мэтай гаспадарчага ўліку. Сёлета ў дзвюх вёсках Лаўжанскага сельсавета – Пабедзе і Мікіцісе – будзе праводзіцца эксперымент па абследаванні асабістых падворных гаспадарак і хатніх гаспадарак.
У ходзе нарады намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў, раённых службаў паведамілі пра работу падначаленых арганізацый і прадпрыемстваў у пачатку новага года і планах на 2015 год.
Шмат увагі было нададзена пытанням развіцця жывёлагадоўлі, падрыхтоўкі да сяўбы шматгадовых траў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, іншым пытанням галіны.
У раёне запланавана будаўніцтва 12-кватэрнага дома ў Обалі і 32-кватэрнага ў Шуміліне. Жыллёва-камунальная гаспадарка раёна плануе актывізаваць работу па пашырэнні выкарыстання мясцовых відаў паліва, а таксама па паляпшэнні водазабеспячэння насельніцтва раёна.
Напружана працавалі на выхадных медыкі. Галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў паведаміў, што за святочныя і выхадныя дні было шмат выездаў хуткай дапамогі, у тым ліку з-за алкагольных атручванняў.
У ходзе нарады былі разгледжаны іншыя пытанні жыццядзейнасці раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 3 ад 13.01.2015 г.