Пулемётчик Прибалтийского флота Василий Потапович Кожемякин отмечает своё 90-летие

Актуалии

Кулямётчык Прыбалтыйскага фронту
На мінулым тыдні старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава
ўручыла ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і працы з Обалі Васілю Патапавічу Кажамякіну Ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Такая шаноўная ўзнагарода – за шматгадовую плённую працу па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, за значны ўклад у работу раённай ветэранскай арганізацыі, у сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння.
Васіль Патапавіч адчувае ўсёй душой, сэрцам, як  важны мір на зямлі. Адчувае, бо ведае пра вайну не па кніжках і кінафільмах. “Я сам родам з вайны”, – з асаблівым болем у сэрцы кажа ветэран.
Вялікая Айчынная вайна паламала планы на далейшае жыццё Васіля Кажамякіна з маленькай вёсачцы Рышацень Обальскага сельсавета. Пасля заканчэння васьмігодкі ён падаў дакументы ў рамеснае вучылішча ў Ленінград. Аднак пачалася вайна…
З прызыўнога пункта Васіля Патапавіча накіравалі на фронт. Ва ўчэпістай памяці ветэрана захавалася ваеннае ліхалецце, калі грымела і стагнала зямля. Мужчына помніць і расказвае пра баі на фронце, дзе яму даверылі кулямёт.
В. П. Кажамякін дайшоў да Кёнігсберга, прымаў удзел у яго штурме. Памятае, як ішлі ў атаку, як  па нямецкіх пазіцыях палілі “кацюшы”, як люта супраціўляліся немцы. У адной з атак кулямётчык адчуў, што балюча выцяла спіну.
Доўгі час Васіль Патапавіч лячыўся ў шпіталі ў Каўнасе. Дзень Перамогі таксама сустрэў у бальнічнай палаце. Пакуль мужчына ачуняў, родным памылкова даслалі ліст, што Васіль Патапавіч загінуў. А праз дзень прыйшоў яшчэ адзін ліст, радасны: у ім паведамлялася, што В. П. Кажамякін жывы, за мужнасць і адвагу пры ўзяцці Кёнігсберга ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. І гэта не адзіная ўзнагарода: грудзі ветэрана ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны, шматлікія медалі.
Усё пасляваеннае жыццё таксама прайшло ў руплівай працы. У Васіля Патапавіча адзін запіс у працоўнай кніжцы: торфапрадпрыемства імя Даўмана. Як уладкаваўся туды ў 1946 годзе, так і адпрацаваў 56 гадоў. Праўда, калі падышлі пенсійныя гады, вырашыў адпачыць. Але адпачынак доўжыўся ўсяго тры дні. На чацвёрты да ветэрана прыйшоў дырэктар завода і папрасіў: “Патапавіч, без цябе – аніяк. Выйдзі хоць на тыдзень, падвучы маладых”. В. П. Кажамякін выйшаў. Але замест тыдня затрымаўся на рабоце пяць гадоў.
Падчас юбілею Васіль Патапавіч прымаў шчырыя віншаванні ад блізкіх, ад дзяцей і ўнукаў, ад старшыні Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіча, ад старшыні раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікавай. Што і казаць, ветэрану прыемна такая ўвага.
Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Васіль Патапавіч застаецца чалавекам актыўным, жыццярадасным і аптымістычным. Ён з’яўляецца ўдзельнікам ваенна-патрыятычных акцый, шэсцяў і мітынгаў. Глыбокія і прачулыя прамовы ветэрана не пакідаюць абыякавымі ўдзельнікаў мерапрыемстваў, заклікаюць да дабрыні і міру.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 3 ад 13.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *