Кому Новый год, а кому Декрет №18

Актуалии Семья

Несвяточнае пасяджэнне
Напярэдадні Новага года адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Святочным гэта пасяджэнне не атрымалася, хаця і пачалося з пазітыву.
У сям’і з Ляжнёў месяц таму забралі дзетак. Бацькам гэтага часу хапіла, каб змяніць сітуацыю ў сям’і ў лепшы бок. Закадзіраваліся, працуюць без прагулаў. “Мне дзеці даражэй, чым спіртное, – упэўнена заявіла маці. – Хачу сама расціць дзяцей. Хачу, каб Новы год дзеці сустракалі дома”. Адразу пасля пасяджэння камісіі шчаслівыя бацькі паехалі ў Обаль, каб забраць сваіх дзетак з прытулку.
Станоўчыя зрухі назіраюцца і ў іншых сем’ях. Задумалася пра сваіх дзяцей сям’я з Добрына (дарэчы,  бацькі наведалі сваіх дзяцей ў прытулку падчас навагодняга мерапрыемства),  наводзіць парадак у жыцці і дома сіроцінская сям’я. Як адзначылі на пасяджэнні, гэтыя сем’і робяць толькі першыя крокі да вяртання ў сем’і, аб гэтым гутарка будзе весціся на наступных пасяджэннях.
А вось для маці з аграгарадка Амбросавічы адабранне дзяцей не стала надзвычайным. На працу яна не ўладкавалася, працягвае піць. Нічога не памянялася і ў маці з Дабеі. Малыя з гэтых сямей будуць у прытулку шэсць месяцаў, а абавязаныя бацькі будуць выплачваць грошы на ўтрыманне дзяцей.
Мала добрага і ў адной з сямей аграгарадка Мікіціха. Бабуля не можа даць рады з дачкой, якая даволі часта запівае. Разглядаецца пытанне, каб забраць дзіця ў прытулак.
Некаторым бацькам, выкліканым на пасяджэнне, прыйшлося чырванець за сваіх дзетак. Пяцікласнік выцягнуў з курткі вучаніцы 45 тысяч рублёў, другі хлопчык украў гірлянду з мясцовага дома культуры. Але ўсіх “пераўзышла” 12-гадовая дзяўчынка. Яна менш чым за месяц здзейсніла шэсць крадзяжоў: украла дзіцячую каляску, “люльку” з дзіцячай каляскі, некалькі пар абутку, кашалёк… Напэўна, гэты спіс працягваўся б і далей, каб не скрадзеная банкаўская картка, якой паспрабавала разлічыцца ў краме. Бацькі гэтых дзяцей атрымалі грашовыя штрафы.
На жаль, традыцыйнымі для пасяджэнняў сталі пытанні аб знаходжанні непаўналетніх на вуліцы пасля 23 гадзін і распіццё імі піва ці іншых слабаалкагольных напояў. Дзевяцікласніца з аграгарадка Мікіціха паехала да сваёй сяброўкі у Ляжні, пасля 23.00 была спынена супрацоўнікамі міліцыі. А вось хлопец з Башнёў распіваў піва на аўтобусным прыпынку ў Лескавічах.
На пасяджэнні камісіі выступіла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. В. Бельчыкава, якая расказала пра супрацоўніцтва з прадпрыемствамі, арганізацыямі, грамадскасцю па рэалізацыі Дэкрэта №18.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №1 ад 06.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *