“Лічу сябе шчаслівай жанчынай”
Электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сістэм Алена Анатольеўна Марудава – адзіная ў вобласці жанчына-электраманцёр. І спраўляецца са сваімі абавязкамі так, што многія мужчыны могуць па-добраму пазай-здросціць ёй. Адказвае Алена Анатольеўна за падстанцыю Обаль, а гэта амаль 150 кіламетраў паветраных ліній электраперадач. Жанчына добра разумее адказнасць сваёй работы: адзін няправільны крок – і без электрычнасці могуць за-стацца Обаль, Грудзінава, Мікіціха. Праўда, такога за час яе работы не было – гэты факт вельмі добра характарызуе прафесіяналізм обальскага электраманцёра.
А працуе А. А. Марудава ўжо 25 год. “Сёння кажу “дзякуй” П. Ф. Купрыянаву, – дзеліцца Алена Анатольеўна. – Калі ўладкавалася на работу ў РЭС, Пётр Фёдаравіч стаў маім настаўнікам, перадаваў мне свой багаты прафесійны вопыт”.
“Лічу сябе шчаслівай жанчынай”, – прызнаецца Алена Анатольеўна. Жанчына доўга і эмацыянальна можа расказваць і пра сваю работу, і пра сваю сям’ю (дарэчы, сын працягвае працоўную дынастыю электрыкаў Марудавых, працуе ў Віцебскіх электрычных сетках), і пра свае захапленні. Алена Анатольеўна – заўзяты рыбак. “Калі дзеткі былі малыя, неяк пайшла з імі на рыбалку, – усміхаецца жанчына. – І захапілася рыбнай лоўляй. Апошні час “падсела” і на зімовую рыбалку”. Як ёсць вольная хвіліна, Алена Анатольеўна з мужам ці з сынам абавязкова адпраўляецца на рыбалку. І гэта для яе самы лепшы адпачынак.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №98 ад 19.12.2014 г.