Предновогодние новости Шумилинского района

Актуалии Новости

На ёлку – у Віцебск
23 снежня ў ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск” адбудзецца абласная ёлка. З нашага раёна яе наведаюць  25 дзяцей. Гэта выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў.
Дабрачынны ранішнік
27 снежня ў Шумілінскім цэнтры культуры адбудзецца раённая дабрачынная ёлка. На яе запрошаны дзеці са шматдзетных, апякунскіх і няпоўных сем’яў, дзеці-сіроты і дзеці-інваліды. «За грошы з раённага бюджэту плануецца закупіць больш за 300 падарункаў», – расказала метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. С. Карнеева.
Атрымаюць салодкія падарункі і выхаванцы Шу-мілінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Дзед Мароз са Снягуркай павіншуюць  дзетак, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў раённай бальніцы.
“Дзеці – дзецям”
На працягу снежня ў Цэнтры дзяцей і моладзі праходзіць акцыя “Дзеці – дзецям”. Удзельнікі розных гурткоў робяць навагоднія сувеніры і ёлачныя цацкі для дзяцей з Обальскага прытулку. Падчас навагодняга ранішніка ў прытулку “Мы сустракаем Новы год”  кожнаму дзіцяці ўручаць прыгожыя сувеніры. Падарункі іх чакаюць і перад Ражаством. Акрамя таго, у Цэнтры дзяцей і моладзі працуюць навагоднія выставы “Зберажом зялёную ялінку” і “Калядная зорка”.  Наведаць выставы можа кожны жадаючы.
Свята для гурткоўцаў
23 снежня ў Цэнтры дзяцей і моладзі адбудзецца навагодні ранішнік “Навагодняя ёлка ў зімовым лесе” для дзяцей школы ранняга развіцця.
26 снежня ў Цэнтры будзе ладзіцца ”Навагодні дэтэктыў” для навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах. Мяркуецца, што гэты ранішнік наведаюць больш за дзвесце рабят.
Гірлянды
Нядаўна УП ЖКГ закупіла да новага года новыя гірлянды для ўпрыгожвання вуліц райцэнтра і гарадской ёлкі. Агульны кошт навагодняга ўбранства – 130 мільёнаў рублёў, падлічыла галоўны бухгалтар гаспадаркі Н. У. Коцікава.  “Новыя гірлянды ўпрыгожаць вуліцы Кароткіна і Луначар-скага, – расказаў галоўны энергетык камунгасу А. В. Жураўлёў. – На навагодняй ёлцы ў гарадскім парку з’явяцца новыя каляровыя шары і падсветка”.
Дарэчы, учора, 11 снежня, у парку ўжо ўстанаўлівалі ёлку, якую ссеклі на тэрыторыі Дабейскага сельсавета. Вышыня лясной прыгажуні – каля 20 метраў. У пачатку наступнага тыдня ёлка будзе зіхацець агнямі, запэўнілі работнікі камунгасу. А ўрачыстае адкрыццё ёлкі мяркуецца правесці 23 снежня.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Ёлкі бываюць розныя
Гэта раней пад навагодняй ёлкай мелася на ўвазе ссечанае  ў лесе, прынесенае дадому і ўпрыгожанае шарамі і гірляндамі дрэва з зялёнымі іголкамі. Цяпер жа ёлкі бываюць розныя. Вось, да  прыкладу, давялося пабываць на выставе штучных ёлачак у СШ №1. З чаго толькі іх не робяць, аказваецца: з каляровай паперы, макароны, нітак, надзіманых шарыкаў, ватных дыскаў, бісеру, тканіны і нават мантажнай пены. А што? Навагоднія прадчуванні такія ёлкі гарантуюць і сэканоміць жывыя экспанаты дапамагаюць. Дарэчы, школьная выстава так і называлася – “Зберажом зялёную ялінку”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №96 ад 12.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *