З Богам у душы і каханнем у сэрцы
У пазамінулую нядзелю ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы ў Пабедзе адбылося першае ў гэтым годзе вянчанне. З чыстай душой і добрымі намерамі ў храм прыйшлі Зінаіда Аляксандраўна і Уладзімір Віктаравіч Касьянавы з вёскі Мішкавічы.
А нагода для гэтага была адметная: дваццаць пяць гадоў сумеснага жыцця. “Мы вырашылі адзначыць сваё сярэбранае вяселле незвычайна і запамінальна, – расказалі Касьянавы. – На сямейным савеце прыйшлі да рашэння: будзем вянчацца ў храме. Гэта для нас надзвычай сур’ёзны крок і абдуманае рашэнне”.
У храм прыйшлі родзічы і сябры. Прыйшлі, каб падтрымаць і павіншаваць. Шчыра кажучы, віноўнікі ўрачыстасці ўпачатку вельмі хваляваліся. Настаяцель храма іерэй Аляксандр Фурсаў вёў Боскую літургію, прысутныя маліліся за жаніха і нявесту. Запаленыя свечкі, якія трымалі Касьянавы, сімвалізавалі іхняе каханне, якое пасля 25 гадоў сумеснага жыцця стала яшчэ больш моцным, вытрыманым і надзейным.
Свяшчэннік запрашае жаніха і нявесту на сярэдзіну храма – тут пачынаецца таінства вянчання. Маладажоны абменьваюцца кольцамі – у знак вечнасці і неразрыўнасці сямейнага саюза.
Скончылася вянчанне, а разам з ім і хваляванні маладажонаў. На змену ім прыйшло пачуццё еднасці і душэўны спакой.
Далей Касьянавых чакаў сюрпрыз: сучасны абрад у гонар сярэбранага вяселля правялі работнікі аўтаклуба шумілінскага раённага Цэнтра культуры.
Тэкст і фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2014 г.