«Каб шумілінскі край стаў родным»
На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры адбылася традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі.
Маладыя, нясмелыя, канешне ж, нявопытныя. Многія ў чужой мясцовасці, далёка ад дома, ад бацькоў. І як важна, каб першыя крокі пасля вучобы былі менш турботныя, менш праблемныя. Каб сустрэлі іх на першым рабочым месцы з разуменнем, цёпла, гасцінна. Каб падтрымалі, калі трэба, дапамаглі.
“І як хацелася б, каб шумілінскі край стаў родным для 130 маладых спецыялістаў, якія сёлета прыехалі ў наш раён, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, – бо Шуміліншчына зараз як ніколі мае патрэбу менавіта ў перспектыўных, талковых маладых кадрах. Мы ўскладваем на вас вялікія надзеі.”
Уладзімір Пятровіч пазнаёміў маладых спецыялістаў з гісторыяй Шуміліншчыны, яе эканамічным развіццём, планамі на бліжэйшую будучыню, пажадаў хлопцам і дзяўчатам поспехаў, цярпення, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт.
Дарэчы, стаж работы многіх пакуль налічвае пару месяцаў і вывады рабіць вельмі рана, аднак першыя ўражанні ёсць і планы на будучае ёсць, іх маладыя спецыялісты выклалі ў анкетах, якія былі прапанаваны ім перад сустрэчай. Вынікі агучыў У. П. Куранны: 76% апытаных задаволены месцам работы, 80% задавальняе рэжым работы, 86% вызначыліся з жыллём, 77% не сутыкнуліся з цяжкасцямі па прыездзе, у 68% ёсць магчымасць харчавацца тры разы на дзень. “Разам з тым многія лічбы з анкет сведчаць пра тое, што нам, кіраўніцтву раёна, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія прынялі да сябе моладзь, трэба вырашаць праблемы і ствараць камфортныя ўмовы для спецыялістаў”, – адзначыў Уладзімір Пятровіч.
Па традыцыі на сустрэчу з маладымі спецыялістамі прыходзяць работнікі Беларусбанка. Галоўны спецыяліст службы крэдытавання насельніцтва А. У. Малашонак пазнаёміла з умовамі льготных крэдытаў для маладых спецыялістаў, параіла абавязкова скарыстацца такім крэдытам (“выгадней не знойдзеце ні ў адным банку”), нагадала пра шырокія магчымасці пластыкавых картак.
Пра дзейнасць раённай маладзёжнай арганізацыі БРСМ расказаў в. а. першага сакратара РК ГА БРСМ А. Ю. Хмарын, ён жа заклікаў маладых быць актыўнымі, жыць цікавым і насычаным жыццём, удзельнічаць у шматлікіх маладзёжных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў нашым раёне.
Выступіў перад прысутнымі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнавец.
А пасля слова трымалі маладыя спецыялісты. Анастасія Дыдко працуе ў нашым раёне другі год і ўжо зарэкамендавала сябе з найлепшага боку, пачала паднімацца, як кажуць, па кар’ернай лесвіцы. Зараз працуе на пасадзе начальніка аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Анастасія нагадала, што “не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца”, і папрасіла маладых спецыялістаў помніць пра гэта.
Свае музычныя здольнасці прадэманстравалі на сцэне выкладчык па класе саксафона ДШМ Арцём Цыганкоў, а вакальныя здольнасці – настаўніца замежнай мовы СШ №1 Марыя Лазарава, яна ж цяпер і салістка групы “Шанс”. Дапоўнілі канцэрт удзельнікі мастацкай самадзейнасці РЦК.
Хочацца спадзявацца, што такія сустрэчы дапамогуць маладым быць больш упэўненымі ў сабе, знайсці адказы на многія пытанні, пазнаёміцца з калегамі. І застацца на Шуміліншчыне.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2014 г.