Здарэнні. Крымінал
Фіктыўныя крэдыты
Узбуджана крымінальная справа супраць прадаўца аднаго з магазінаў раёна. Жанчына аформіла фіктыўныя дакументы на набыццё тавараў ў крэдыт на агульную суму больш як сто мільёнаў рублёў.
Прэвентыўны нагляд
Над раней судзімым жыхаром Сіроціна быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. Але мужчына не палічыў патрэбным захоўваць яго ўмовы і з’яўляцца на рэгістрацыю ў РАУС. На працягу года яго двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па арт. 421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад адбыцця прэвентыўнага нагляду”.
Пабіў сын
З цэнтральнай раённай бальніцы паведамілі ў РАУС, што за медыцынскай дапамогай з пераломамі касцей носа звярнулася жыхарка в. Светласельская. Згодна з заключэннем экспертаў, пашкоджанні адносяцца да лёгкіх цялесных. А прычыніў іх … сын пацярпелай. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ спынілі на аўтадарозе Віцебск-Полацк жыхара абласнога цэнтра, які сеў за руль “Пежо-306” без правоў кіравання. Як высветлілася, руль яму даверыў гаспадар машыны, які ў час праверкі дакументаў знаходзіўся на пасажырскім сядзенні аўто. На абодвух мужчын складзены адміністрацыйныя пратаколы, ім пагражае штраф ад 5 да 20 базавых велічынь кожнаму.
На хуткасці
Жыхар Полацка, які ехаў на аўтамабілі “Мерседэс-Бэнц” праз Мікалаева, перавысіў дапушчальную хуткасць руху на 33 км/гадз. Падобнае парушэнне ў яго ўжо другое на працягу года. Больш таго, у вадзіцеля не было страхавога пасведчання на машыну. Палачаніну пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў да аднаго года і штраф 750 тысяч рублёў.
Абочына
Супрацоўнікі ДАІ пры праверцы стану аўтадарогі Гарадок-Ула-Камень выявілі заніжэнне абочыны праезнай часткі больш чым на 5 см – гэта з’яўляецца парушэннем стандартаў тэхнікі бяспекі. У адносінах да службовай асобы ДРБУ-52, адказнай за ўтрыманне аўтадарогі, складзены адміністрацыйны пратакол. Ёй пагражае штраф ад 4 да 20 базавых велічынь.
З падробленымі правамі
Жыхар Віцебскага раёна быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў і аўтамабіля за тое, што двойчы ехаў нецвярозы за рулём. Мужчына стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі г. Віцебска, але належных вывадаў для сябе так і не зрабіў. У канцы верасня ён ехаў на легкавушцы па тэрыторыі нашага раёна ды яшчэ перавысіў хуткасць. Агульная сума штрафаў склала 60 базавых велічынь.
Як высветлілася, сябар мужчыны, які ехаў у гэтай жа машыне ў якасці пасажыра, перадаў руль чалавеку без правоў. За гэта на яго складзены адміністрацыйны пратакол.
Больш таго, вадзіцель прад’явіў супрацоўнікам ДАІ вадзіцельскае пасведчанне, зробленае кустарным спосабам і на чужое імя. За фальшывыя дакументы ўзбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2014 г.