Шумилинский райисполком нацеливает на эффективную работу с недвижимостью и отходами

Президент Экономика

Грошы пад нагамі. Іх трэба толькі падняць
Два пытанні, якія былі вынесены на пасяджэнне райвыканкама, што прайшло ў мінулую пятніцу, нягледзячы на розны маштаб узнятых праблем і, здавалася б, розныя тэмы, аб’ядноўвае адно – што рабіць, каб ператварыць у даходы, у дадатковыя грошы для прадпрыемстваў і для бюджэту раёна тое, што, на першы погляд, бескарыснае і непатрэбнае. Менавіта так паставіў пытанне старшыня райвыканкама  У. П. Куранны, які вёў пасяджэнне.
На пасяджэнні таксама прысутнічалі намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Р. П. Саўрыцкая і намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Ю. У. Аўтухова, якія прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні пытанняў.
З дакладам “Аб рабоце мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па эфектыўным кіраванні дзяржаўнай маёмасцю, якая знаходзіцца на тэрыторыі раёна” выступіў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў. Райвыканкам з’яўляецца трымальнікам рэестра маёмасці раённай камунальнай уласнасці. Дзяржаўная маёмасць перададзена на праве аператыўнага кіравання 11 дзяржаўным органам кіравання і 6 установам, на праве гаспадарчага вядзення – 6 унітарным прадпрыемствам. На балансе лічыцца 2288 аб’ектаў нерухомасці. Агульная плошча дзяржмаёмасці складае 303,9 тысячы квадратных метраў, з якіх здадзена ў арэнду – 14,4%, перададзена ў бясплатнае карыстанне  – 1,5%, выкарыстоўваецца для ўласных патрэб – 79% і не выкарыстоўваецца –  5,3%.
Ад здачы ў арэнду за 1 паўгоддзе бягучага года атрымана 1229,4 мільёна рублёў (130,9% да адпаведнага перыяду мінулага года), у бюджэт паступіла 100,3 мільёна рублёў (143,3% да 2013 г.).
Прыняты рашэнні аблвыканкама і райвыканкама, якімі зацверджаны графік увядзення ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца.
За 8 месяцаў бягучага года ў абарот уведзены 3 аб’екты. В. В. Доктараў прывёў прыклады як эфектыўнага выкарыстання аб’ектаў, так і неэфектыўнага, калі прыходзіцца разрываць заключаныя дагаворы праз суд.
Былі заслуханы справаздачы кіраўніцтва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і КУСГП “Мішневічы”.
На пасяджэнні былі вызначаны шляхі выкарыстання дзяржаўнай маёмасці з мэтай паляпшэння эканамічнага становішча прадпрыемстваў і арганізацый раёна, зніжэння выдаткаў на ўтрыманне маёмасці, павелічэння даходаў ад арэнды, падаткаў ў раённы бюджэт.
Па другім пытанні парадку дня, “Аб рэалізацыі на тэрыторыі раёна Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адыходамі” выступіў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. А. Емяльянаў.
Вываз камунальных адыходаў арганізаваны з 243 населеных пунктаў. Па раёне арганізавана 115 кантэйнерных пляцовак для збору камунальных адыходаў. Для вывазу смецця маецца 3 спецаўтамабілі. У Шуміліне ўстаноўлена 20 кантэйнераў для збору пластыка і шкла.
За 8 месяцаў б. г. выяўлена 15 несанкцыянаваных сметнікаў, выда-дзена 11 прадпісанняў на іх уборку, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 4 асобы, сума штрафаў склала 4,4 мільёна рублёў.
У раёне маецца 2 палігоны цвёрдых камунальных адыходаў і 21 міні-палігон. Вычарпаў свой рэсурс палігон у Шуміліне, які працуе з 1970 года. Распрацавана праектная дакументацыя на новы палігон, для яго будаўніцтва патрэбны 7,5 мільярда рублёў.
На палігонах і міні-палігонах ЖКГ вядзецца сарціроўка смецця і нарыхтоўка другасных матэрыяльных рэсурсаў (шкла, пластыку, металу, паперы і кардону). Начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама паставіў у прыклад работу на палігонах у Шуміліне, падраздзяленні “Лаўжанскае” (міні-палігоны “Латкова”, “Добрына”) і “Казьянскае” (“Кардэкі”, “Бунцікі”). Разам з тым, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праведзена 67 абследаванняў палігонаў камунальных адыходаў, выдадзена 5 прадпісанняў, 6 рэкамендацый, складзена 7 адміністрацыйных пратаколаў на суму 7,65 мільёна рублёў.
Нарыхтоўку ад насельніцтва і прадпрыемстваў раёна другаснай сыравіны вядзе райспажыўтаварыства: у раёне працуюць 2 нарыхтоўчыя пункты, прыём вядуць 45 магазінаў. Доля насельніцтва ў агульным аб’ёме нарыхтовак складае 82,1%.
У прынятым рашэнні адзначаны напрамкі работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна з адыходамі: па аптымізацыі колькасці міні-палігонаў у сельскай мясцовасці, па абсталяванні станцыі па сарціроўцы адходаў да 2015 года, па павелічэнні раздзельнага збору смецця і тлумачальнай рабоце з насельніцтвам. Звернута ўвага кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый на бясспрэчнае выкананне даведзеных заданняў па зборы і здачы другасных рэсурсаў.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня райвыканкама падкрэсліў, што смецце – гэта грошы, якія валяюцца пад нагамі – на перапрацоўцы смецця становяцца мільянерамі. І гэтыя грошы трэба падняць, бо для нашых прадпрыемстваў яны зусім не лішнія.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 75 ад 30.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *