Жители деревни Лелюги в Шумилинском районе пригласили в гости автоклуб

Культура Общество Сельское хозяйство

З выязным канцэртам – у Лялюгі
Ініцыятарам правядзення выязнога канцэрта ў вёсцы Лялюгі стала старэйшына Марыя Цімафееўна Лялюга. Гэта яна звярнулася ў Шумілінскі цэнтр культуры з просьбай прыехаць да вяскоўцаў з канцэртам.   “У нашай вёсцы жывуць шчырыя і працавітыя людзі, – расказала Марыя Цімафееўна. – Мы справіліся з восеньскімі работамі. А  цяпер хочам свята. Хочам адпачыць і пачуць добрую песню”.
Ну, як тут адмовіш у такой просьбе? І дырэктар Шумілінскага цэнтра культуры М. І. Прохарава арганізавала сваіх артыстаў для выязнога канцэрта. А назву ён меў сімвалічную – “Жыццё прадаўжаецца”. Нягледзячы на нягоды і паважаны ўзрост вяскоўцаў, жыццё прадаўжаецца. І пра гэта сведчыла багатая выстава садавіны-гародніны, што вырасла на вясковых агародах. Багата ў гэтым годзе яблыкаў, урадзілі бульба, гарбузы і памідоры. У руплівых гаспадароў выспеў і вінаград. Бачна было, што вяскоўцы рыхтаваліся да прыезду гасцей: упрыгожылі адзін з падворкаў, прынеслі ручнікі, каляровыя посцілкі, зрабілі арыгінальную сцэну для артыстаў.
Чалавеку працы, руплівым рукам вяскоўцаў былі прысвечаны  песні, што прывезлі ў Лялюгі работнікі аўтаклуба Шумілінскага цэнтра культуры. Спявалі пра вёску, пра ўраджай, пра каханне. Гучалі фальклорныя і сучасныя песні, лірычныя і патрыятычныя. Вясёлыя пералівы прыпевак ажывілі ўсё наваколле. А загадчык Башнёўскага клуба Аляксандр Кірылаў прысвяціў свае песні жанчынам, якіх пражывае большасць у вёсцы.
Вядучая (яна ж дырэктар аўтаклуба) Лілія Барадзёнак, якая падрыхтавала сцэнарый свята, расказала пра дружную вёску Лялюгі, якая летам патанае ў кветках. Тут што ні падворак – то прыгажосць і парадак. Акуратненкая агароджа, пафарбаваныя хаты, дагледжаныя агароды радуюць вока. Жыхары вёскі прывыклі ўсё жыццё  рупліва працаваць. У маладосці яны рупіліся на полі ці на ферме, цяпер – на ўласных агародах.
Добрай песняй шумілінскія артысты віншавалі імяніннікаў, самых старэйшых жыхароў вёскі – Л. Е. Лазука і А. В. Шыёнак, якія размянялі дзявяты дзясятак. А юбіляраў чакалі не толькі любімыя песні, але і падарункі, якія ўручыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Прыазёрны мір” Н. П. Савіцкая.
Канцэрт у вёсцы Лялюгі прайшоў удала і  весела. А напрыканцы ўсіх чакала печыва і салодкі стол, якія падрыхтавалі ўдзячныя вяскоўцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 22.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *