Цацкі для Арцёмкі
У дзіцячае аддзяленне райбальніцы трапляюць не толькі хворыя, але і дзеткі з сацыяльна неблаганадзейных сем’яў, расказала загадчыца аддзялення Л. Р. Завадская. Усяго сёлета ў аддзяленні пабывала 25 такіх дзетак да трох годзікаў. Як правіла, іх прывозяць не зусім здаровымі. Таму ў дзіцячым аддзяленні атрымліваюць не толькі прытулак, але і лячэнне.
Больш за тыдзень таму ў бальніцу трапіў Арцёмка. Яму няма яшчэ і годзіка. Маці кудысьці з’ехала невядома на колькі дзён, а хлопчыка пакінула са знаёмай…
Жвавага і ўсмешлівага Арцёмку даглядала Алена Арлова з Мікіціхі, якая са сваёй дачушкай ляжала ў адной палаце з хлопчыкам. Жанчына была ўражана тым, што Арцёмку прывезлі ў бальніцу без запасу адзення, без цацак. Жанчына звярнулася да сваіх наваполацкіх сяброў (Алена працуе ў горадзе) з просьбай сабраць адзенне і цацкі для Арцёмкі. Адгукнуліся многія. Але гэтага здалося мала. “Тады мы звярнуліся да гараджан праз сайт “Шукаю цябе. Полацк-Наваполацк” з просьбай дапамагчы, – расказвае Алена. – Адзін за адным пасыпаліся званкі. Нам тэлефанавалі людзі рознага ўзросту. Здзівіла, што некалькі маладых хлопцаў прыехалі да нас пасля наведвання дзіцячага магазіна: у пакетах было новае адзенне, цацкі і кнігі. Увесь наступны вечар мы аб’язджалі ўказаныя адрасы і забіралі пакеты з дзіцячым адзеннем, з якога ўжо выраслі чыісьці дзеці. Некаторыя людзі нават дзякавалі нам, што арганізавалі такую добрую справу”. Падарункаў, якія Алена прывезла разам са сваім наваполацкім сябрам Аляксандрам Кушнірам, ледзь змясціліся ў легкавую машыну – іх хопіць і для Арцёмкі і для іншых дзетак з неблаганадзейных сем’яў.
“Мы ўдзячны вось такім валанцёрам, усім добрым людзям, сёстрам касцёла Маці Божай Фацімскай, якія рэгулярна дапамагаюць нам”, – кажа Л. Р. Завадская.
Дарэчы, мы дазналіся, што для дзетак дзіцячага аддзялення і яшчэ патрэбны спонсары. Патрэбна дзіцячае адзенне для дзетак да трох гадоў і пластмасавыя ці гумавыя цацкі (толькі не мяккія!). Можа, і сярод шумілінцаў знойдуцца валанцёры ці проста добрай душы людзі, якія возьмуцца дапамагчы.
Ребёнку помогли небезразличные люди из Новополоцка

Небезразличных людей на самом деле очень много, их гораздо больше, чем кажется. Часто бывает главное — клич дать.