28 жніўня праваслаўныя вернікі Шумілінскага раёна адсвяткавалі Успенне Прасвятой Багародзіцы

Духоўнае Общество

“У храм трэба ісці з чыстай душой”
Учора, 28 жніўня, праваслаўныя  вернікі адсвяткавалі Успенне Прасвятой Багародзіцы.  Згодна з  паданнем апосталы розных краін сабраліся ў Іерусаліме, каб развітацца з Дзевай Марыяй і пахаваць яе.
Гэта прастольнае свята асаблівае для храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Пабедзе, дзе адбылася святочная літургія.
Мы наведалі царкву напярэдадні, калі тут  ішла падрыхтоўка да свята.  Прыхаджан у царкве не вельмі многа, кажа настаяцель храма іерэй Аляксандр Фурсаў. У асноўным прыходзяць у храм па нядзелях ці ў вялікія праваслаўныя святы. “Я заўсёды вучу прыхаджан, што ў храм  трэба ісці з чыстай душой і добрымі думкамі, бо ў царкве ў малітвах звяртаюцца не да свяшчэнніка, а да Бога, – кажа настаяцель храма. – Магчыма, некаторыя людскія праблемы і няшчасці з-за таго, што мы не ўмеем супакоіць сваю гардыню. А Бог заклікае да міласэрнасці і пакорлівасці”.
У храм у Пабедзе літаральна кожны  тыдзень  прыводзяць хрысціць дзяцей, людзі часта заказваюць паніхіды па памерлых родзічах. А вось вянчання за апошні год не было ніводнага, адзначае настаяцель.
Дзеля духоўнай адукацыі прыхаджан у  храме створана бібліятэка. Тут можна дазнацца, як правільна маліцца, паставіць свечку,  як правесці памінкі памерлых родзічаў і яшчэ многа чаго цікавага.
“Я настаяцель у храме Успення Прасвятой Багародзіцы з пачатку гэтага года, – кажа Аляксандр Фурсаў. – Вядома, царква старая: яе пачалі будаваць яшчэ ў 1898 годзе.   А яшчэ царква вядомая тым, што тут у 1905 годзе былі мошчы Ефрасінні Полацкай”.
Нядаўна ў царкве з’явіўся маленькі звон. Яго мелодыі можна пачуць у пачатку кожнай літургіі, калі гучыць “Сімвал веры” – гімн праваслаўных вернікаў.
Ля храма – чысціня і парадак. І ў гэтым вялікая заслуга вернікаў,  матушкі Вольгі і старасты царквы Іаана Шумілы.  Радуюць вока рознакаляровыя клумбы і новая агароджа. У царкве пафарбавалі іканастас.  «Тут патрабуецца капітальны рамонт даху. Было б добра, каб знайшліся спонсары і дапамаглі нам. Ну, а пакуль рамантуем тое, што ў нашых сілах. І, нягледзячы ні на што, ганарымся сваім храмам, які сёння з’яўляецца помнікам архітэктуры», – адзначае  іерэй Аляксандр Фурсаў
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №66 ад 29.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *