Мастаком ты можаш і не быць…

Тэма “прабілася” нечакана: на адным з раённых мерапрыемстваў пабачыў выставу дзіцячых малюнкаў і зразумеў, што не пагутарыць з юнымі мастакамі, не пабачыць іхніх работ, не сустрэцца з выкладчыкам мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў В. В. Шарыпавай будзе верхам несправядлівасці. Напрасіўся на інтэрв’ю з Вольгай Віктараўнай, і тая ахвотна запрасіла ў цагляны будынак па вуліцы Валадарскага ў Шуміліне.
Туліцца тут, пад адным дахам, не толькі мастацкі, але і музычны клас школы. Вядома, крыху цеснавата.
— Як расставім мальберты, ледзь праціснешся да вучняў, — прызналася В. В. Шарыпава. — Але не бяда, галоўнае, што тут дзеткі спасцігаюць святло прыгажосці, святло мастацтва…

Мастацкаму аддзяленню школы 17 гадоў.
На сённяшні дзень ёсць для юных мастакоў ўсе неабходныя матэрыялы і рэквізіты. Плата за навучанне дзяцей чыста сімвалічная — крыху больш за 10 тысяч рублёў у месяц. Праўда, бацькі ніколі не стаяць у баку ад клопатаў класа, нярэдка за свае грошы набываюць дарагія фарбы, найперш вітражныя. Вольга Віктараўна — не прыхільніца лішніх пакупак, хаця размалёўка вітражу — занятак, які спатрэбіцца выхаванцам у жыцці. Для выкладчыцы ж галоўнае, каб дзеці не прапускалі заняткаў, былі ўседлівымі і дапытлівымі вучнямі.
Калі якасную гуаш ды алоўкі, паперу можна яшчэ набыць у Беларусі, то з акварэллю сітуацыя іншая. Лепшыя фарбы ўсё ж у Расіі, але кіраўніцтва школы мастацтваў выйсце знаходзіць. І гэта абнадзейвае і акрыляе ў рабоце выкладчыцу В. В. Шарыпаву. Тым больш, што з 22 вучняў аддзялення практычна ўсе вучацца з ахвотай, добрыя памочнікі ім у справе — бацькі. Як вось у слабадчан Паўла Марчука і Аляксандры

Медзікавай. Здольныя вучні — пераканана Вольга Віктараўна, і бацькі ў дадатак усяляк спрыяюць развіццю талентаў: возяць са Слабады на заняткі, любоўна берагуць і развіваюць талент сваіх дзяцей. У класе дзве дзесяцікласніцы. Адна з іх, Іра Кавалёнак, закочыла чацвёрты, апошні год навучання. Праўда, выкладчыца займаецца з ёй і ў пяты, про-фільны год, хаця на пяцігадовы цыкл навучання мяркуюць перайсці толькі ў наступным годзе. Ірына хоча паступаць па спецыяльнасці, і Вольга Віктараўна з разуменнем ставіцца да жадання дзяўчыны.
За тыя амаль чатыры гады, што працуе тут, В. В. Шарыпава вывела ў “людзі” Віку Закружную, якая паступіла за архітэктара, яе вучні ў канцы 2008 года ў абласным конкурсе “Я жыву ў Беларусі” заваявалі чатыры дыпломы. А ўвогуле не гэта самае важнае для яе як выкладчыка, галоўнае — навучыць дзетак кампазіцыі, жывапісу і малюнку (асноўныя прадметы ў мастацкім класе). Займаюцца і лепкай. Вольга Віктараўна прызналася: многія здольныя вучні ўсё схопліваюць на ляту, іншым жа трэба, даруйце, разжаваць.
Помню, як уразіў на выставе, прымеркаванай нядаўна да аднаго з раённых форумаў, малюнак Насці Шавялёвай “Дары восені”, выкананы гуашшу. В. В. Шарыпава адабрала з выставачных работ самыя цікавыя: выкананыя алоўкам Паўла Марчука, акварэллю — Насці Шавяка, Аляксандры Медзікавай, іншых выхаванцаў.
— Далёка не ўсе з іх стануць мастакамі, — гаворыць выкладчыца. — Галоўнае, што навучацца бачыць прыгожае, навучацца мастацкаму густу. А гэта ў жыцці спатрэбіцца…
У гэтым няма сумнення. Проста перакананы: добрую і ўдзячную справу вядуць у аддзеле культуры. Няхай у мастацкім класе трохі цеснавата, ды прыспее новы будынак, і тады палягчэе, тады будуць зусім іншыя ўмовы для заняткаў. Чакаць засталося нядоўга.
Мікалай МАРОЗ.
Фантазія і папера
Адзінаццацігадовы Вадзім Гусейнаў займаецца ў гуртку “Фантазія” (кіраўнік Т. В. Чупрукова) Цэнтра пазашкольнай работы. Менавіта тут хлопчык захапіўся тэхнікай арыгамі, кусудама. Нажніцы, клей, каляровая папера і фантазія патрэбны для таго, каб прыдумаць свой уласны свет. Асабліва любіць Вадзім рабіць папяровыя шарыкі ў тэхніцы арыгамі, якія як кажуць, прыносяць шчасце і ўдачу.
Пабачыць персанальную выставу Вадзіма Гусейнава можна ў Цэнтры пазашкольнай работы.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.