Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Адказнасць
Жыхар Обалі ў кастрычніку бягучага года прыцягваўся да адказнасці за тое, што нецвярозы сеў за руль аўтамабіля. Першы раз вадзіцель заплаціў штраф памерам у 30 базавых велічынь і быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. Але прайшоў усяго месяц, як абальчанін зноў сеў п’яны за руль аўтамабіля. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Піва
На дыскатэцы ў адным з вясковых клубаў раёна была затрымана навучэнка аднаго з віцебскіх каледжаў. Сямнаццацігадовая дзяўчына шчыра прызналася, што перад дыскатэкай піла піва. А яно, як вядома, адносіцца да алкагольных напіткаў. За такое парушэнне – знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення – адказнасць наступае з шаснаццаці гадоў. Дзяўчыне пагражае штраф да васьмі базавых велічынь. Вось толькі чым плаціць – з бацькоўскай кішэні ці са стыпендыі?
Каса
Прадаўцы ўнівермага а чацвёртай гадзіне дня выклікалі міліцыю: невядомыя асобы з касы ўкралі 274 тысячы рублёў. Калі прадавец спрабавала затрымаць аднаго з рабаўнікоў, ён адпіхнуў жанчыну і збег. Па гарачых слядах трое злодзеяў затрыманы – імі аказаліся жыхары абласнога цэнтра. Асоба чацвёртага рабаўніка таксама ўстаноўлена, але яго месцазнаходжанне пакуль невядома. Па факту грабяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Аўто
У сярэдзіне лістапада ў Шуміліне арудавалі невядомыя злодзеі. Пашкоджаны і абрабаваны машыны, што стаялі ля шматпавярховак па вуліцах 70 год БССР, Кааператыўная, Суворава. Наконт крадзяжу з легкавушак ў РАУС звярнуліся ўладальнікі “Фольксвагена”, “Мерседэса”, “Мазды” і “Жыгулёў”. З машын прапалі магнітолы, акумулятары, ключы. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Гультай
Жыхар в. Мосарава пяць гадоў таму быў асуджаны за крадзеж агнястрэльнай зброі да пяці гадоў пазбаўлення волі. Апошні год быў заменены на выпраўленчыя работы. Вясковец не ацаніў давер да яго, на работу і не думаў уладкоўвацца. Неаднаразова быў папярэджаны аб адказнасці, але за розум так і не ўзяўся. За ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Авечкі
Усё ж хлеўчукі таксама трэба замыкаць – у гэтым нядаўна ўпэўнілася жыхарка в. Беркавічы. З яе гаспадарчай пабудовы ўкралі дзвюх авечак раманаўскай пароды. Урон, нанесены пацярпелай, складае 200 тысяч рублёў. Злачынцы пакуль не знойдзены.
Перасоўны наркалагічны пункт
Тыдзень таму на дарогах раёна працаваў перасоўны наркалагічны пункт. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі сумесна з медработнікамі райбальніцы правяралі вадзіцеляў на наяўнасць алкагольнага ап’янення. На аўтадарозе Віцебск-Полацк, а таксама на вуліцах райцэнтра былі спынены каля паўсотні вадзіцеляў. Двое з іх, абодва мясцовыя жыхары, аказаліся п’янымі. Адзін вадзіцель у стане алкагольнага ап’янення сеў за руль  “Газэлі”, другі па вуліцы райцэнтра імчаў на скутары. Абодва прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *