Дар’я Красінская стварае лепшыя ў вобласці маляванкі

Край шумілінскі Культура

Дар’я стварае лепшыя ў вобласці маляванкі
Майстрам па традыцыйным роспісе працуе ў Доме рамёстваў Дар’я Красінская. Працуе першы год, але ўжо заявіла пра сябе як таленавіты, арыгінальны творца. Дзяўчына скончыла Віцебскі дзяржаўны каледж культуры  і мастацтваў па спецыяльнасці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а трапіўшы па размеркаванні на Шуміліншчыну, стала займацца традыцыйным роспісам. Яна ўдасканальвала сваё майстэрства на курсах павышэння кваліфікацыі па гэтым накірунку.
Дар’я распісвае дэкаратыўныя бутэлькі, велікодныя яйкі, пано, працуе па дрэве і шкле. Але прызнаецца, што скарыла яе сэрца маляванка – роспіс па тканіне. Майстар мае свой асаблівы почырк: распісвае толькі чорную тканіну, бо лічыць, што цёмны фон больш дакладна перадае ўсю прыгажосць колераў. Яна малюе акрылавымі фарбамі, прымяняе трафарэты і штампы, свабодны роспіс пэндзлем. Ганарыцца тым, што працягвае традыцыі роспісу, якія дасталіся нам у спадчыну ад нашых бабуль.
Дзяўчына выдатна малюе, а таму сама распрацоўвае эскізы для сваіх работ. Любімым матывам майстра з’яўляюцца кветкі, якія яна дапаўняе вазамі, птушкамі, пейзажамі. У яе калекцыі ёсць нават маляванка з выявай будучага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы.
У майстра наогул ужо даволі шмат работ, з якімі яна ўдзельнічае ў раённых і абласных выставах і конкурсах. Дар’я Красінская прымала ўдзел у раённым і абласным турах II Рэспуб-ліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, у якім заняла трэцяе месца. У конкурсе па традыцыйным роспісе, які праходзіў у рамках апошняга “Славянскага базару”,  яна стала лаўрэатам у намінацыі “Творчы дэбют”.
Малады майстар прызнаецца, што працаваць у Шуміліне ёй падабаецца. Хочацца пажадаць Дашы бясконцага натхнення, творчага гарэння і новых перамог.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *