Зарплата “ў канверце”. Зваротны бок медаля
Факты атрымання зарплаты “ў канверце” яшчэ сябе не зжылі. На жаль, не ўсе работадаўцы лічаць неабходным плаціць сваім супрацоўнікам дастойную афіцыйную зарплату.
Аднак “зарплата ў канверце” пазбаўляе работніка пэўных сацыяльных гарантый. І, на жаль, далёка не кожны грамадзянін, згаджаючыся на ценевыя грошы, бачыць зваротны бок медаля і разумее наступствы падобнага пагаднення.
Перш за ўсё, гэта адносіцца да пенсіі, бо яе разлік робіцца з памеру менавіта той зарплаты, на якую афіцыйна налічваліся і выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд.
Ды і ў стаж работы для налічэння пенсіі залічваецца толькі тыя перыяды работы, на працягу якіх выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы.
Атрымліваючы “зарплату ў канверце”, трэба быць гатовым, што хварэць, даглядаць за хворым членам сям’і давядзецца за свой кошт. У выпадку захворвання неаформлены работнік наогул не мае права на аплату лістка непрацаздольнасці.
Праверыць, ці з’яўляецца ваш наймальнік добрасумленным плацельшчыкам страхавых узносаў, даволі проста. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў раённы аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы жыхарства з пашпартам і пасведчаннем дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і атрымаць выпіску са свайго індывідуальнага асабістага рахунка. У выпісцы будзе адлюстравана тая зарплата, з якой былі выплачаны страхавыя ўзносы, яна ж будзе потым улічвацца пры назначэнні пенсіі.
Безумоўна, самастойна вызначаць і разлічваць асабістыя выгоды – права кожнага чалавека, аднак немалаважна і ў час падумаць пра будучае. Паверце, гэтае будучае вельмі хутка настае.
Т. ПРЭСНЯКОВА, начальнік райаддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.
Зарплата “ў канверце”. Зваротны бок медаля
