Звярну я на Кароткіна і пасяджу ў цяні…
Раніца. За акном свеціць сонейка, настрой узнёслы. Гатуем сняданак, у тэлевізары – навіны, спорт, надвор’е. Землятрусы і ўраганы бяды не нарабілі, але, як казаў адзін кінагерой, “у свеце няма стабільнасці”… Збіраемся на працу. Выскокваем з пад’ездаў, вітаемся з суседзямі, знаёмымі, якія таксама спяшаюцца на работу, перакідваемся ўсмешкамі. Знаёмая карціна, якая адбываецца з кожным амаль штодзённа.
А вось і святлафор. Паглядзелі налева, потым направа, пераходзім перакрыжаванне вуліц Юбілейнай і Сіпко. Маршрут звыклы, але раптоўна пешаходы спыняюцца, як укопаныя… Пралёты агароджы, якія ўчора яшчэ стаялі, былі разбіты і павалены. Гэта ж якой сілай трэба валодаць, каб іх разбурыць? Такую карціну мы бачым амаль кожны год у раёне калодзежа па вуліцы Сіпко. Каму ж гэтыя пралёты, як быку чырвоная ануча, не даюць спакойна прайсці. А мо нейкі маладзец сватаецца да сваёй дзяўчыны: паглядзі, які я асілак? А мо гэта Мамай сваю арду павёў на Брыкет? Здагадкі-адгадкі, а на самай справе, не смешна. Між волі задумваешся з горыччу, а можа, яны вучыліся ў адной школе з нашымі дзецьмі? У чым жа справа? У выхаванні, у непрачытаных кнігах?.. На памяць прыходзяць радкі з верша Маргарыты Макаравай:
Мне брыдкія заўсёды людзі гэтыя,
Чый лёс – хапаць, ламаць, кідаць.
Як крыўдна, што ніхто на свеце,
Вандалізм не зможа пакараць.
Дзякуй, што гэтыя радкі абверглі нашы супрацоўнікі міліцыі, якія па “гарачых” слядах” знайшлі злачынцаў, і цяпер яны будуць пакараны.
Чаму пачала з негатыўнай з’явы? Калі год таму ў Шуміліне з’явіліся рознакаляровыя лавачкі, у мяне закралася трывога. Няўжо і іх можа чакаць такая доля?..
Звычайная лаўка. Кожны з нас хоць раз, але сядзеў на лаўцы. На лаўцы спыняецца час, на ёй можна адпачыць, перачакаць мітусню, прызначыць месца для сустрэчы, паразважаць. У кожнага ёсць, напэўна, свая гісторыя, звязаная з лаўкай. У маім дзяцінстве лаўка была месцам сустрэчы з сябрамі. Вакол яе кіпелі жарсці. Яна была сведкам шматлікіх гісторый, маўклівым сведкам нашага сталення. Мы выраслі, разбегліся хто куды, а лавачка засталася.
“Вось іду з Брыкета, стамілася, бо да цэнтра не дайду, – кажа Т. М. Раманава (на здымку). – Так добра, што на вуліцах Сіпко, Суворава і Кароткіна пад шатамі дрэў у такую спякоту можна адпачыць. І ў бальніцу пад гару хвораму чалавеку таксама цяжка без перадыху дайсці. Дзякуй, што клапоцяцца ў нас пра людзей”.
Ва УП ЖКГ расказалі, што зрабілі гэтыя зручныя лавачкі работнікі будаўнічага ўчастка пад кіраўніцтвам майстра Бандарэнкі Сяргея Дзмітрыевіча. Відаць, рабілі з душой, надзейна.
Каб нам жылося добра на Шуміліншчыне і не было сорамна перад гасцямі, трэба цаніць і паважаць працу тых, хто робіць вакол нас прыгажосць і стварае ўтульнасць. А таксама трэба не баяцца стрымліваць тых, хто ў культурных зонах адпачынку адпачывае ад “культуры”.
Наталля МАГІЛЕЎСКАЯ.
Надрукавана ў №52 ад 11.07.2014 г.
Звярну я на Кароткіна і пасяджу ў цяні…
