Криминал. Происшествия

Происшествия

Тапельца
Супрацоўнікі РАУС сумесна з мабільна-пошукавай групай таварыства выратавання на водах г. Віцебск знайшлі ў Заходняй Дзвіне (непадалёк ад  в. Узрэчча) труп мужчыны. Як высветлілася, гэтага чалавека як без вестак прапаўшага вышукваў Бешанковіцкі РАУС.
Патроны
Яшчэ ў пачатку мая жыхар Шуміліна знайшоў каля чыгуначнага пераезда  сем патронаў і прынёс іх дадому, а не ў міліцыю. Але гэтыя патроны, якія падыходзяць да наразной агнястрэльнай зброі,  былі знойдзены супрацоўнікамі РАУС у час вобыску.  За незаконнае захоўванне патронаў супраць жыхара райцэнтра ўзбуджана крымінальная справа.
Абавязаны
Як абавязаная асоба жыхар Обалі павінен быў плаціць грошы за ўтрыманне ягоных дзяцей у дзяржаўнай установе на поўным забеспячэнні. Мужчыну дапамаглі працаўладкавацца. Але на работу ён не вельмі імкнуўся: за тры месяцы дапусціў 53 прагулы.  Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Веласіпед
З пад’езда шматпавярховага дома, што на вуліцы Кааператыўнай у Шуміліне, прапаў  дарожны веласіпед. Узбуджана крымінальная справа, злачынца пакуль не знойдзены.
Стаянка
Вялікагрузныя аўтамабілі можна пакідаць на стаянку толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. А вось жыхар Обалі не прытрымліваўся гэтых правілаў. Ён у другі раз на працягу года прыпаркаваў  свой МАЗ  на вуліцы Першамайскай. Мужчына выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС. Яму пагражае штраф да 10 базавых велічынь.
З прычэпам
Жыхар в. Лоўжа паабяцаў свайму знаёмаму перацягнуць ягоны трактарны прычэп у другое месца. Падчапіў да МТЗ, які належыць УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Але прычэп  не быў зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, не меў страхоўкі. На механізатара складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да сямі базавых велічынь.
Без праверкі
У ходзе праверкі  тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў супрацоўнікі ДАІ выявілі, што вадзіцель КУСГП “Ульскі” тройчы дапускаўся да работы без медыцынскай праверкі. На службовую асобу гаспадаркі складзены тры адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф  да 20 базавых велічынь.
На мапедзе
Супрацоўнікі ДАІ прыпынілі на аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень жыхара Шуміліна, які ехаў на мапедзе без пройдзенага дзяржтэхагляду. Акрамя таго, на мапедзе не было ўключана абавязковае бліжняе святло фар.  Мужчыну пагражае штраф да чатырох базавых велічынь.
З бочкай
Па аўтадарозе Обаль-Лявонава-Мішкавічы-Ляжні механізатар ААТ “Ляжні”  ехаў на МТЗ з прычэпам-бочкай, якая не была зарэгістравана. Службовая асоба, якая выпусціла з майстэрні незарэгістраваны прычэп,  прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *