Смерць на чыгунцы
Вечарам 9 чэрвеня на чыгунцы ў Шуміліне грузавым цягніком быў смяртэльна траўміраваны малады чалавек. Як расказалі супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце Віцебскага аблвыканкама, хлопец ішоў уздоўж рэек, але не ўтрымаў раўнавагу і яго задзеў цягнік. Траўмы, што атрымаў малады чалавек, былі несумяшчальныя з жыццём. Па дадзенаму здарэнню праводзіцца праверка.
Абакраў землякоў
Тры месяцы таму ўзбуджалася крымінальная справа супраць жыхара в. Лоўжа, які абакраў дом аднавяскоўца. А нядаўна высветлілася, што мужчына пагаспадарыў і на падворку суседзяў пацярпелага: пашкодзіў навясныя замкі на гаспадарчых пабудовах і гаражы. Прапалі два рулоны сеткі-рабіцы, спінінг, садовы інвентар. Узбуджана крымінальная справа.
Ці быў падпал?
У Язвіне загарэўся жылы дом. Часткова пашкоджана маёмасць гаспадароў і ўнутраная абшыўка дома. Супрацоўнікі РАНС мяркуюць, што прычынай пажару стаў падпал. Ці так гэта на самой справе – высвятляюць работнікі аддзела ўнутраных спраў.
Без правоў
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі на аўтадарозе Віцебск-Полацк жыхара Віцебска, які ехаў на аўтамабілі “Фіят”. Як высветлілася, мужчына яшчэ летась быў пазбаўлены правоў кіравання на тры гады, бо ехаў за рулём нецвярозым. Але правы ў ДАІ не здаў. Яны былі канфіскаваны, і тэрмін пазбаўлення правоў пачаў адлічвацца нанова. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол.
Нецвярозы
У Обалі затрыманы жыхар Віцебска, якія кіраваў аўтамабілем ВАЗ у стане алкагольнага ап’янення. Больш таго, на машыну быў пратэрмінаваны тэхагляд. Складзены адміністрацыйны пратакол, якія адпраўлены па месцы жыхарства парушальніка.
Аварыйная сітуацыя
Жыхарка Обалі знянацку выйшла з тратуара на дарогу. Гэтым самым стварыла аварыйную абстаноўку. Вадзіцель легкавога аўтамабіля вымушаны быў змяніць накірунак руху, каб не наехаць на жанчыну. На жанчыну складзены адміністрацыйны пратакол, ёй пагражае штраф ад 3 да 8 базавых велічынь.
На хуткасці – у сажалку
Жыхарка Віцебска, якая ехала на аўтамабілі “Фольксваген-Пасат”, не справілася з кіраваннем. У выніку ля в. Мікалаева з’ехала ў кювет, а потым – у штучны вадаём. Жанчына не пацярпела. На яе складзены адміністрацыйны пратакол, які адпраўлены па месцы жыхарства.
Парушальнік са стажам
Пенсіянер з Чэрчыц некалькі разоў парушаў Правілы дарожнага руху: ездзіў на легкавушцы без правоў і ў стане алкагольнага ап’янення. І вось нядаўна супрацоўнікі РАУС спынілі яго за рулём “Жыгулёў”. Цяпер пенсіянеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь. Адміністрацыйны пратакол складзены і на сына парушальніка, які даверыў руль сваёй машыны бацьку.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №46 ад 17.06.2014 г.