Лета. Час падлетку зарабіць
Зарабіць падлетку грошай гэта рэальна кожнаму, хто атрымаў пашпарт, гэта значыць, каму споўнілася 14 гадоў, расказалі карэспандэнтам раённай газеты ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Вядома, пры гэтым дзецям яшчэ трэба мець і вялікае жаданне працаваць, дадаюць настаўнікі школ раёна. А такіх ужо знайшлося пяцьдзясят чалавек. Другасная занятасць арганізавана ў Мікіціхінскай, Слабадской, Обальскай, Мішневіцкай школах і СШ № 2 г. п. Шуміліна.
“Сёлета на гэтыя мэты выдзелена 100 мільёнаў рублёў, – расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. Г. Сямагіна. – На 1 чэрвеня было асвоена 22,8 мільёна рублёў”.
Падлеткі ў школах раёна займаюцца навядзеннем парадку, рамонтам мэблі, дзяўчаты шыюць шторы і пасцельную бялізну. “ Нашы дзеці (іх працуе ў школе 12 чалавек) адрамантавалі парты, – кажа дырэктар СШ № 2 г.п. Шуміліна І. І. Аляксееў. – Мы закупілі новыя пластыкавыя сталешніцы – атрымалася прыгожа. Таксама нашы старшакласнікі наводзяць парадак на школьнай тэрыторыі”.
Яшчэ ў канцы красавіка-пачатку мая для школ раёна закупілі тканіну і прасы, а таксама неабходныя інструменты: рыдлёўкі, граблі, лейкі, садовыя нажніцы. Наймальнік (аддзел адукацыі) працаўладкаваў дзяцей па ўсіх правілах, нават выпісалі працоўныя кніжкі. Згодна з заканадаўствам, падлеткам устаноўлены скарочаны працоўны дзень: з 14 да 16 гадоў працуюць па 23 гадзіны на тыдзень, а з 16 гадоў – па 35 гадзін.
Для дзяцей некаторых школ чацвёртая працоўная чвэрць стала нормай. Так, пяты год запар у Слабадской д/с — СШ існуе міні-атэлье. Тут летам кіпіць работа ў кабінеце абслугоўваючай працы. Вось і сёлета рупяцца восем дзяўчат з 9-11 класаў, плануюць пашыць больш за сто камплектаў пасцельнай бялізны для раённай гімназіі і дзіцячых садоў, расказала дырэктар Слабадской школы А. М. Пузікава.
Падлеткі могуць працаўладкавацца ў летні час у райбыткамбінат, камунгас, прадпрыемствы АПК і некаторыя іншыя арганізацыі раёна. “Так, мы маем патрэбу ў рабочых руках, – кажа начальнік аддзела кадраў ПМК-70 С. У. Мацвеева. – На лета набіраем падсобных рабочых – усяго дваццаць чалавек. Прычым, гэта могуць быць не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Яны будуць займацца ўборкай будаўнічага смецця, наводзіць парадак на тэрыторыі. Кожны наш памочнік мае магчымасць зарабіць за месяц мільён рублёў, а то і больш”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №44 ад 10.06.2014 г.
Где можно заработать подростку летом
