Вогнішча
У гаспадарчай пабудове ў вёсцы Беразніца начаваў нецвярозы мужчына з суседняй вёскі. Раніцай мужчыну стала холадна і ён расклаў вогнішча … з сена. Калі яно ўспыхнула, мужчына спахапіўся і пачаў тушыць. Прапаліў сабе штаны і боты, агонь быццам бы прытушыў. Адправіўся дадому. Але сена зноў разгарэлася. Мясцовыя жыхары патэлефанавалі ў пажарную часць, калі ўжо трашчаў шыфер. Матэрыялы справы для далейшага разгляду перададзены ў РАУС.
Снарад
У пачатку лістапада жыхар вёскі Грабніца, які ўскопваў свой агарод, наткнуўся віламі на нешта цвёрдае. Стаў раскопваць далей і знерухомеў: у зямлі ляжаў снарад. Вясковец патэлефанаваў у міліцыю. Сапёрная група з Віцебска снарад знішчыла.
Аліменты
Жыхар Шуміліна згодна з рашэннем суда быў абавязаны выплачваць аліменты на ўтрыманне 13-гадовага сына – 25% ад усіх відаў заробку. Але мужчына з верасня мінулага года па кастрычнік гэтага года нідзе афіцыйна не быў працаўладкаваны, грошай на выхаванне сына не плаціў. Утварылася запазычанасць па аліментах больш за два мільёны. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Разбой
Жыхарка аграгарадка Светласельскі абрабавала пенсіянерку, якая размяняла восьмы дзесятак. Ударыла пажылую жанчыну, тая упала. Ліхадзейка ўкрала ў пацярпелай 150 тысяч рублёў і бутэльку віна.
Калі рабілі вобыск па месцы жыхарства ліхадзейкі, грошы знайшлі – іх яшчэ не паспелі патраціць. Побач з патайным месцам для грошай стаяла і бутэлька, толькі ўжо пустая.
Бяспека
У мінулыя выхадныя супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях правяралі прыватныя дамы вяскоўцаў па пажарнай бяспецы. Былі складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы за эксплуатацыю неадрамантаванага пячнога ацяплення. Гаспадары заплацілі штраф памерам у 0,5 базавай велічыні.
Гарэлка
З магазіна “Абалянка”, які належыць райспажыўтаварыству, раней судзімы жыхар Обалі спрабаваў адкрыта ўкрасці дзве бутэлькі гарэлкі. Злачынца затрыманы. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Парушэнні
Супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі сёлета на дарогах раёна зарэгістравана 2945 парушэнняў Правілаў дарожнага руху, з іх у 948 выпадках парушаны хуткасны рэжым. 89 вадзіцеляў кіравалі аўто ў стане алкагольнага ап’янення. 9 чалавек селі за руль п’янымі паўторна на працягу года, за што супраць іх ўзбуджаны крымінальныя справы. Без вадзіцельскіх правоў на дарогах раёна спынена 78 чалавек. 840 вадзіцеляў аштрафаваны за тое, што ехалі з непрышпіленымі рамянямі бяспекі. 40 уладальнікаў уласных аўтамабіляў забыліся своечасова заключыць дагаворы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.
Сярод пешаходаў і веласіпедыстаў выяўлена 189 парушальнікаў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №93 ад 30 лістапада 2010 г.