Рапсавыя світанкі
На мінулым тыдні механізатар ААТ “АграБаравінка” Павел Баршынаў (на здымку) прыступіў да сяўбы яравога рапсу. “Гэту культуру не тое што лягчэй сеяць, але прыпынкаў менш на загрузку, – кажа механізатар. – Працую з шасці гадзін раніцы да позняга”.
На рахунку Паўла Анатольевіча больш за шэсцьсот засеяных гектараў зерневых і зернебабовых, прозвішча механізатара занесена на раённую Дошку гонару, зацверджаную ў раённай газеце. П. А. Баршынаў і на сяўбе рапсу перавыконвае даведзеную норму ў два разы.
Наогул, у гаспадарцы запланавана засеяць 230 гектараў яравога рапсу. Акрамя гэтага, трэба перасеяць 140 гектараў, якія вымерзлі зімой.
З плугамі на палетках працуюць Мікалай Дрыгін, Андрэй Пруднікаў, Юрый Яцэвіч; з культыватарамі і баронамі – Міхаіл Канстанцінаў, Ігар Пятроў, Кірыл Калдуноў. “Малайцы, стараюцца, – кажа пра механізатараў начальнік участка А. В. Міраненка.– Але ж усё роўна гаспадарка не ў лідарах па пасяўной. Прычына ў тым, што абяднеў наш трактарны парк: некалькі трактароў аддалі на палявыя дойкі, вось і не хапае на палетках МТЗ. Асабліва з плугамі”.
Не стае ў “АграБаравінцы” і механізатараў. Таму вельмі ўдзячныя за падмогу райбыткамбінату: сёлета прыехаў адтуль механізатар Іван Сідараў на МТЗ. Старанна працаваў на падвозцы ўгнаенняў. Удзячныя ў гаспадарцы і шэфам з віцебскага “Другасчэрмету”, якія выдзелілі машыну з вадзіцелем для падвозкі абедаў.
У ААТ “АграБаравінка” прыступілі да сяўбы кукурузы. На ўнясенні мінеральных угнаенняў пад гэту культуру працуе Вячаслаў Дубінін.
Паралельна з сяўбой вядзецца хімпраполка азімых зерневых. Кіраўніцтва гаспадаркі хваліла за добрую работу на хімпраполцы Генадзя Сімакова, на рахунку якога больш за тысячу гектараў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №36 ад 13.05.2014 г.
В хозяйствах Шумилинского района идут весенние полевые работы
