Наводзілі парадак у горадзе і вёсках
Напярэдадні раённага суботніка адбылося пасяджэнне штаба па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў раёна пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. П. Быкава. На пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый з г.п. Шуміліна і Обаль, прадстаўнікі сельскагаспадарчых арганізацый. Была пастаўлена задача аказаць дапамогу падшэфным сельгасарганізацыям у навядзенні парадку на тэрыторыях ферм, на мехдварах. Кожнай гарадской арганізацыі былі даведзены заданні па выдзяленні рабочай сілы, інструментаў, транспарту. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны былі падрыхтаваць неабходныя матэрыялы і “фронт работ”.
26 красавіка на суботнік выйшаў увесь раён. Работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў працавалі на рабочых месцах, бо ў разгары веснавая сяўба. Калектывы вясковых школ, іншых арганізацый наводзілі парадак у населеных пунктах. Работнікі гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый накіраваліся ў падшэфныя гаспадаркі, каб дапамагчы вяскоўцам у навядзенні парадку на вытворчых аб’ектах.
Работы хапіла ўсім. Асноўныя сілы гараджан былі накіраваны на добраўпарадкаванне і агароджванне ферм і мехдвароў. Будаўнікі з ПМК-70 працавалі на воінскім пахаванні ў аграгарадку Кардон. Дарожнікі вялі ямачны рамонт дарог. Работнікі камунгасу прыбіралі грамадзянскія могілкі. Падчас суботніка быў выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля адноўленага будынка школы мастацтваў.
Дарэчы, грошы, заробленыя на раённым суботніку, пойдуць на добраўпарадкаванне населеных пунктаў нашага раёна.
Сяргей ПАЎЛАЎ.