Торфяное сокровище Оболи

Экономика

Тарфяныя багацці Обальшчыны
З гісторыі Калі дакладна пачалі здабываць торф у Обалі, невядома.  Па інфармацыі, якая ёсць у Обальскім музеі камсамольскага падполля,  першае ўпамінанне пра здабычу торфу ў Обалі датуецца 1913 годам, а ў 1922 годзе пачалі будаваць торфазавод. Датай заснавання  прадпрыемства лічыцца 1924 год, калі на торфапрадпрыемстве імя А. Э. Даўмана была адкрыта першая лінія ад Обалі да бліжэйшага торфамасіву, расказаў рэдакцыі раённай газеты дырэктар ВУ “Полацкгаз” Дзмітрый Пятруша. Таму менавіта сёлета прадпрыемства, дакладней кажучы, вытворчасць па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ “Полацкгаз” святкуе 90-годдзе з дня ўтварэння.
Сёння цяжка ўявіць, як здабывалі торф у пачатку 20 стагоддзя – рыдлёўкай на тачцы.  Але з’яўлялася новая тэхніка, абсталяванне. Была пабудавана вузкакалейная чыгунка (яе  працягласць  –  дваццаць кіламетраў), па якой торф дастаўляўся на  завод.
У 2007 годзе прадпрыемства імя Даўмана далучылі да ВУ “Полацкгаз”: быў зроблены капітальны рамонт цэха кіпоўкі, створаны надзейны касцяк спецыялістаў і рабочых.  Высокаэфектыўная тэхніка – трактары, машыны па здабычы торфу, пагрузчыкі, варушылкі, карчавальнікі, шыроказахопныя прычапныя агрэгаты –  значна аблегчылі працу людзей, дапамаглі дабіцца эканамічнага эфекту і выйсці на рэнтабельную работу.
Грошы на балоце
Старажылы памятаюць, як  торфапрадпрыемства імя Даўмана ў савецкія часы рэалізоўвала сельгасарганізацыям па 25 тысяч тон торфу за год. Яго куплялі не толькі на Шуміліншчыне, але  і ў Гарадоцкім, Лепельскім, Бешанковіцкім, Полацкім раёнах. Зараз сельгасарганізацыі робяць стаўку на мінеральныя ўгнаенні. Аднак обальскі торф знайшоў новых пакупнікоў. Гэта не толькі прыватныя гаспадары, якія купляюць грунт “Дзвіна плюс”, а ў першую чаргу замежныя пакупнікі з Італіі, Расіі, Германіі, Турцыі, Галандыі.
“Здабыча верхавога торфу – гэта набор тэхналагічных аперацый, пачынаючы ад падрыхтоўкі палёў, фрэзеравання і заканчваючы ўборкай, – кажа начальнік участка вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ “Полацкгаз” Іван Бучкін. –  У цэх кіпоўкі торф дастаўляецца ў вагонах. У цэху торф праходзіць цэлы комплекс тэхналагічных працэсаў. У яго дадаюцца азотныя, калійныя, фосфарныя ўгнаенні і даламітавая мука. Спецыяльныя прэсы фарміруюць вялікія біг-болі па 4,5-5,5  куб. м. кожны, якія ідуць на экспарт. Ну, а для прыватных пакупнікоў фарміруем пакеты аб’ёмам па 80 літраў. Обальскі торф даволі хутка разыходзіцца ў магазінах раёна, вобласці і рэспублікі ў цэлым”.
Вытворчыя здабыткі
“За мінулы год прадпрыемства  рэалізавала 20,2 тысячы тон торфу, – падлічыла эканаміст Таццяна Суслава. – Спрацавалі рэнтабельна, прыбытак склаў 23,3 мільёна рублёў”.
За студзень-сакавік гэтага года ў прадпрыемства таксама нядрэнныя здабыткі: рэалізацыя прадукцыі склала 6,5 тысячы тон, атрыманы прыбытак у 290 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі  –  7,6%.
На экспарт адправілі 2,7 тысячы тон торфу (122,5% да даведзенага плана) на суму  245 тысяч долараў ЗША.  На ўнутраны рынак адгружана прадукцыі  на 1,8 мільяда рублёў.
Кавалкавы торф
Прадпрыемства вырабляе і кавалкавы торф для ацяплення. У мінулым годзе яго рэалізавалі 7,8 тысячы тон Шумілінскай, Докшыцкай, Полацкай і Горацкай жыллёва-камунальным гаспадаркам. Купляюць кавалкавы торф і некаторыя прыватныя гаспадары. Гэты від паліва мае шмат пераваг: выдатна гарыць, мае добры кафіцыент цеплааддачы, даволі танны (адна тона каштуе каля 400 тысяч рублёў). “Наш торф якасны,  – упэўнены  І. С.  Бучкін. – Яго нарыхтоўваем на фінскім комплексе, які складаецца з чатырох відаў машын. Торф не рассыпаецца, таму што строга захоўваем усе тэхналогіі”.
План здабычы кавалкавага торфу на гэты год – 8 тысяч тон. На прадпрыемстве ўпэўнены, што гэты план можна і перавыканаць. Было б толькі добрае надвор’е.  Дажджы, асабліва зацяжныя, вельмі перашкаджаюць  працэсу здабычы.
Новыя ўчасткі
Зараз на прадпрыемстве два ўчасткі па здабычы торфу – Сідзень і Чысцік. Але думаюць і пра заўтрашні дзень, працуюць на перспектыву. “Запланаваны тры пускавыя комплексы, на кожным з якіх па тры ўчасткі, – кажа начальнік участка. – Там ужо вядуцца падрыхтоўчыя работы. Напрыклад, на першым пускавым комплексе асвоілі 840 мільёнаў рублёў. Тут пракапалі сетку каналаў на першым і другім полі. Прычым, каналы будзем паглыбляць некалькі разоў, каб з участкаў сыходзіла вада.  Высеклі кустоўе і на другім комплексе, пачалі працаваць на трэцім”.
Падрыхтоўка  палёў для здабычы торфу – працэс даволі марудны, патрабуе шмат часу. Толькі праз два-тры гады на першым пускавым комплексе пачнецца здабыча торфу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 22.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *