Сельскохозяйственные предприятия Шумилинщины приглашают выпускников школ за целевыми направлениями на учёбу

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство

Вярнуцца працаваць у свой раён
У сакавіку гэтага года Прэзідэнт Беларусі зацвердзіў новую рэдакцыю правілаў прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Цяпер няма асобнага конкурсу для сельскіх і гарадскіх абітурыентаў.
У аграрнай адукацыі  акцэнт зроблены на мэтавую падрыхтоўку: па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных ўстановах на мэтавыя накіраванні прыйдзецца да 60% ад агульных лічбаў прыёму.
“Гэта значыць, што для тых абітурыентаў, якія будуць паступаць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, зроблены свайго роду льготы: на сельскагаспадарчую спецыяльнасць можа паступіць кожны, хто набярэ патрэбны мінімум балаў на тэсціраванні і  напярэдадні заключыць мэтавы дагавор з гаспадаркай, – кажа галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Алеся Шавяка. – Мы запрашаем выпускнікоў школ раёна заключыць мэтавыя дагаворы з гаспадаркамі, каб пасля заканчэння навучальнай установы прыехаць працаваць у свой раён. Дарэчы, прадпрыемствам АПК патрэбны спецыялісты па наступных спецыяльнасцях: заатэхнік, аграном, энергетык, інжынер, тэхнік-механік, асемянатар, бухгалтар. У раёне таксама не хапае слесараў, механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў”.
Мэтавая падрыхтоўка захавае форму трохбаковага дагавору: абітурыент– арганізацыя–навучальная ўстанова. Прычым, па мэтавым накіраванні могуць паступаць і гараджане, якія ў будучым хочуць звязаць сваё жыццё з работай на прадпрыемствах АПК.
Перавагі паступлення з накіраваннем
У нашым раёне некалькі гадоў запар заключаюць дагаворы з абітурыентамі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу. Напрыклад, у мінулым годзе такія дагаворы заключылі дзесяць выпускнікоў. Шэсць з іх вучацца ў вышэйшых навучальных установах, чатыры – у сярэдніх спецыяльных.
Так, трое студэнтаў вучацца па накіраванні ад УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, двое – ад ААТ “Прыазёрны мір”. На ветурача адправілі вучыцца дзяўчыну ад ААТ “Лаўжанскае”, хлопец вучыцца ад ААТ “АграБаравінка” на тэхніка-механіка.  Выпускнікі з мэтавымі накіраваннямі паступілі вучыцца ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, Гарадоцкі прафесійна-тэхнічны каледж, аграрны каледж у г. п. Лужасна.
Гаспадаркі, якія заключылі са студэнтамі мэтавыя дагаворы, узялі на сябе абавязацельствы штомесячна даплачваць пэўную суму да стыпендыі. Тыя, хто вучыцца ў сярэдніх спецыяльных установах, кожны месяц атрымліваюць да стыпендыі па дзве базавыя велічыні, а студэнты ВНУ  – ад трох да сямі базавых велічынь. Кожны студэнт атрымлівае штомесячную “прэмію” згодна з дагаворам, заключаным перад паступленнем.
“Я вучуся ў Віцебскай ветакадэміі, – кажа студэнтка-першакурсніца Алёна Пучкова. – атрымліваю стыпендыю і яшчэ дадаткова ад ААТ “Прыазёрны мір”, з якім заключала мэтавы дагавор, даплату памерам у сем базавых велічынь – гэта 910 тысяч рублёў. Думаю, гэта нядрэнная падтрымка для студэнта. Згодна з заключаным дагаворам, я павінна буду адпрацаваць у “Прыазёрным міры” абавязковыя тры гады. Для мяне гэта зручна – бліжэй да бацькоў. Ну, а там, можа, і застануся назаўсёды ў сваім раёне. Мае аднакурснікі кажуць, што ў нас на Шуміліншчыне самыя выгадныя ўмовы для студэнтаў па мэтавых дагаворах. Хлопцам з Брэстчыны, напрыклад, якія вучацца са мной разам, увогуле няма ніякіх даплат да стыпендыі”.
На работу –  у АПК
У калектыўных дагаворах усіх сельскагаспадарчых арганізацый раёна ёсць раздзел “Сацыяльная абарона моладзі”, згодна з якім усім  маладым спецыялістам на працягу першых двух гадоў даплачваюць да іх заработнай платы  па дзве тарыфныя стаўкі першага разраду штомесячна. А калі чалавек застаецца працаваць на гэтым жа прадпрыемстве, то на працягу трох гадоў робяцца даплаты па тры тарыфныя стаўкі першага разраду. Такія спецыялісты ў нашым раёне ёсць. Так, пасля абавязковай адпрацоўкі засталіся на Шуміліншчыне юрысконсульт  ААТ “Прыазёрны мір” Таццяна Сільчанка, эканаміст УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Валянціна Манух, майстар ААТ “Лаўжанскае” Сяргей Караткевіч, галоўны аграном Таццяна Петрушэнка і ветаператар гэтага ж таварыства Ірына Купрыянава.
Усе маладыя спецыялісты, якія прыехалі на накіраванні працаваць на прадпрыемствы АПК, забяспечаны жыллём, запэўніла галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Алеся Шавяка. А сем’ям выдзяляюцца дамы сядзібнага тыпу. Жыллё, напрыклад, атрымалі Сямёнавы, якія прыехалі працаваць у КУСГП “Ульскі”. “Прынялі нас на Шуміліншчыне добра, – кажа Андрэй Сямёнаў, які працуе ў гаспадарцы галоўным інжынерам. – Выплацілі пад’ёмныя, далі новы дом сядзібнага тыпу. Работай  задаволены і я, і жонка, якая працуе галоўным заатэхнікам гаспадаркі. Праўда, зараз яна часова не працуе, бо мы чакаем папаўнення ў нашай сям’і”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №26 ад 04.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *