Что такое «кризисная» комната?

Общество

“Крызісны” пакой  ёсць  і  ў  нашым раёне
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў канцы мінулага года быў створаны “крызісны” пакой.
“Гэта спецыяльна абсталяванае памяшканне, – расказвае дырэктар ТЦСАН В. Р. Штуро, – Яно мае ўсе камунальна-бытавыя даброты і прызначана для часовага знаходжання асоб, якія знаходзяцца ў крызісным становішчы”.
Розныя сітуацыі здараюцца ў жыцці, працягвае Валянціна Рамуальдаўна.  І трапіць у крызіснае становішча, калі паўстае рэальная пагроза жыццю і здароўю, можа любы чалавек. І часта паратункам становіцца звычайная  ізаляцыя чалавека ў асобным, бяспечным памяшканні.
Для каго прызначаны “крызісны” пакой?
“Крызісным пакоем могуць скарыстацца людзі, якія трапілі ў небяспечную для здароўя і жыцця сітуацыю, – кажа В. Р. Штуро. – Гэта можа быць канфлікт з членамі сям’і, фізічнае ці псіхафізічнае насілле. Прытуліць пакой і ахвяр гандлю людзьмі.”
У пакой змяшчаюцца грамадзяне па накіраванні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, РАУС, а таксама тыя, хто звярнуўся па ўласнай ініцыятыве. Падставай для змяшчэння з’яўляецца накіраванне аднаго з вышэйпера-лічаных органаў і пісьмовая заява грамадзяніна.
У “крызісным” пакоі чалавек знаходзіцца на прынцыпах самаабслугоўвання, харчаванне – за кошт бюджэтных сродкаў у межах вызначаных норм, набыццё лекаў, сродкаў асабістай гігіены і іншых рэчаў – за кошт сродкаў грамадзян. Могуць быць прыцягнуты сродкі фізічных і юрыдычных асоб, так званыя ахвяраванні, ці сродкі, што паступілі па лініі гуманітарнай дапамогі. Грамадзяне маюць права звяртацца да кіраўніцтва цэнтра за псіхалагічнай і юрыдычнай дапамогай.
Тэрмін знаходжання ў “крызісным” пакоі залежыць ад канкрэтных абставін і індывідуальных асаблівасцяў пацярпелага, але не больш 10 дзён бесперапыннага знаходжання. У выпадку крайняй неабходнасці тэрмін прабывання можа быць падоўжаны дырэктарам цэнтра па ўзгадненні з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Па ўсіх пытаннях, што тычацца змяшчэння ў “крызісны” пакой, можна звяртацца па тэл.: 3-12-50, 4-58-85, 4-58-89, 4-56-15.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *