24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам

Здоровье Общество

Заразіцца – не значыць хварэць
Гэтая хвароба працягвае заставацца даволі распаўсюджанай: штогод ва ўсім свеце каля 3-х мільёнаў чалавек ад яе паміраюць, захворваюць – 8-10 мільёнаў.
Актуальная яна і для нашага раёна. На 1 сакавіка на ўліку ва ўрача-фтызіятра знаходзіліся 34 чалавекі. У мінулым годзе было выяўлена 11 хворых на туберкулёз, адзін чалавек памёр. Усе выпадкі захворвання зарэгістраваны сярод дарослага насельніцтва, адзін – у работніка жывёлагадоўлі.
Туберкулёз – небяспечнае інфекцыйнае захворванне, пры якім паражаюцца ўсе органы, але часцей за ўсё лёгкія. Узбуджальнікам з’яўляецца мікабактэрыя, ці палачка Коха, адкрытая нямецкім вучоным у 1882 годзе і названая яго імем.
Крыніцай заражэння становіцца хворы на актыўную форму туберкулёзу лёгкіх. Пры кашалі, чханні такія хворыя выдзяляюць у паветра вялікую колькасць бактэрый, якія жывуць доўга і ўрэшце трапляюць у арганізм здаровага чалавека.
Заразіцца туберкулёзам – не значыць хварэць. Верагоднасць захварэць на актыўны туберкулёз у здаровага чалавека складае каля 5-10%.
Як абараніць сябе ад заражэння туберкулёзам?
Перш за ўсё, аснову прафілактыкі складаюць меры, накіраваныя на павышэнне ахоўных сіл арганізма: правільны рэжым працы і адпачынку, рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, адмова ад курэння, наркотыкаў, злоўжывання алкаголем, прыём полівітамінаў у вясенні перыяд, загартоўванне, здаровы лад жыцця.
У нашай краіне праводзяцца прафілактычныя прышчэпкі супраць туберкулёзу – вакцынацыя нованароджаных і паўторная імунізацыя БЦЖ вакцынай – неінфіцыраваных туберкулёзам дзяцей ва ўзросце 7 год сярод груп дзяцей з павышанай рызыкай захворвання.
Варта ведаць і першыя прыкметы захворвання. Працяглы кашаль – сухі ці з выдзяленнем макроты (больш за тры тыдні), часам з крывёю; страта апетыту, зніжэнне вагі цела; недамаганне, слабасць, патлівасць (асабліва па начах), зніжэнне працаздольнасці, стомленасць; перыядычнае павышэнне тэмпературы цела, болі ў грудзях.
Самы надзейны спосаб выяўлення хваробы на ранніх стадыях – флюараграфічнае і бактэрыялагічнае даследаванне.
Туберкулёз вылечваецца, але толькі пры праходжанні поўнага курса лячэння спецыяльнымі прэпаратамі.
І. ЦІМОШЧАНКА, фтызіятр Шумілінскай ЦРБ.
Н. СКРЫПКІНА, памочнік урача-эпідэміёлага Шумілінскага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *