Куртка
Раней судзімы жыхар Мікіціхі залез у чужы дом у Мазурыне. Узяў пульт ад тэлевізара і асабістыя рэчы гаспадара. А на наступны дзень апрануў украдзеную куртку, таму міліцыянерам няцяжка было даказаць яго злачынства. Супраць вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.
Грошы
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар г. п. Бешанковічы. Мужчына расказаў, што ў ягонай дачкі, якая працуе ў шумілінскім забойным цэху “Вітконпрадукта”, з раздзявалкі ўкралі 370 тысяч рублёў. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцу. Ліхадзейкай аказалася сяброўка пацярпелай, з якой разам прыязджаюць працаваць з Бешанковіч у Шуміліна.
Аліменты
Згодна з рашэннем суда, жыхарка Обалі павінна была плаціць аліменты на свайго непаўналетняга сына. Але ніводная работа жанчыну не задавальняла, бо працаваць яна не хацела. Аліменты не плаціла амаль паўтара года. Узбуджана крымінальная справа.
Дача
Жыхар Шуміліна абрабаваў дачны дом на вуліцы Першамайскай у райцэнтры. Прапалі асабістыя рэчы гаспадара, ацэненыя ў 1,2 мільёна рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Перакуліўся
На аўтадарозе Віцебск-Полацк адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Бешанковіч на асабістым аўтамабілі ВАЗ-21093 не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Вадзіцель не пацярпеў, машыне патрабуецца значны рамонт. Як высветлілася, мужчына за рулём быў у стане алкагольнага ап’янення. На яго складзены два адміністрацыйныя пратаколы, якія для далейшага разгляду перададзены па месцы жыхарства парушальніка.
На чырвонае святло
Жыхар а.-г. Башні на аўтамабілі ВАЗ-21310 праехаў перакрыжаванне Юбілейная-Сіпко на чырвонае святло святлафора. Да таго ж, вадзіцель не быў прышпілены рамянямі бяспекі. Яму пагражае штраф да сямі базавых велічынь.
На службовым аўто
З аршанскай дзяржаўтаінспекцыі паведамілі ў ДАІ РАУС: на вуліцы Шклоўскай у Оршы быў спынены аўтамабіль “Фальксваген”, якім кіраваў жыхар Шуміліна. Як высветлілася, вадзіцель знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, а аўтамабіль быў службовы – ён належыць аднаму з прадпрыемстваў райцэнтра. Вадзіцель выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
На мапедзе
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спынілі на вуліцы Юбілейнай нецвярозага кіроўцу. Парушальнік ехаў на мапедзе свайго знаёмага. Апошні (таксама ў стане алкагольнага ап’янення) перадаў кіраванне мапедам свайму сябру, які нават не меў вадзіцельскіх правоў. На абодвух мужчын складзены па два адміністрацыйныя пратаколы. Ім пагражае штраф па 120 базавых велічынь кожнаму і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №19 ад 11.03.2014 г.