День информирования в Шумилинском районе

Актуалии Общество Президент

ЛАЎЖАНСКАЯ БАЗАВАЯ ШКОЛА НЕ ХОЧА ЗДАВАЦЬ ПАЗІЦЫІ
20 лютага ў раёне прайшлі сустрэчы інфармацыйных груп райвыканкама з працоўнымі калектывамі. У ходзе сустрэч была абмеркавана тэма выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2013 год.
У Лаўжанскай базавай школе сустрэчу з інфармацыйна-прапагандысцкай групай № 1 чакалі не толькі для абмеркавання вышэйадзначаных тэм. Пасля інфармацыі начальніка арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н. У. Захаравай па тэме выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і аналізу работы раёна за мінулы год гаворка разгарнулася вакол самай хвалюючай для калектыву школы тэмы: магчымай рэструктурызацыі. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П. У. Спірыдонаў, які прысутнічаў на сустрэчы, падкрэсліў, што да такога рашэння падштурхоўвае існуючая рэчаіснасць.  Сёлета ў базавай школе вучыцца 39 школьнікаў,  у наступным навучальным годзе школьнікаў будзе яшчэ менш, у першы клас не прыйдзе ніводны вучань, у другім будзе вучыцца адзін… Да таго ж зусім побач знаходзіцца Мікіціхінская сярэдняя школа, арганізаваны падвоз дзяцей…
Усё гэта так, і настаўнікі, і вучні (дарэчы, на сустрэчы разам з педагогамі прысутнічалі і школьнікі) лепш за іншых ведаюць гэтыя прагнозы, але ім хацелася б адцягнуць непазбежнае хаця б на год-два. Многія настаўнікі трывала аселі ў гэтым маляўнічым азёрным кутку, падвялі да свайго жылля прыродны газ, улезлі ў крэдыты, а што будзе заўтра, куды трэба будзе ехаць на работу (прадметнікаў жа пачатковая школа не забяспечыць работай)?
П. У. Спірыдонаў дадаў нотку аптымізму ў сумнае рэчышча размовы, ён адзначыў дэмаграфічны рост у райцэнтры, дзіцячыя садкі якога сталі цеснымі, асабліва ў мікрараёне СШ № 2.
Кіраўнік раёна У. П. Куранны не змог у гэты дзень пабываць у школе, але відавочна, што райвыканкам будзе прымаць рашэнне толькі пасля таго, як грунтоўна ўзважыць усе за і супраць.
Аліна ПЯТРОВА.
БЕЗ ПРАБЛЕМ У ОБАЛІ НЕ БЫВАЕ?
У рамках Дня інфармавання адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама № 2  з калектывам Обальскай сярэдняй школы імя З. М. Партновай.
Адкрываючы сустрэчу, дырэктар установы І. А. Чарнічэнка дала слова вядучаму спецыялісту групы па грамадзянству і міграцыі РАУС А. І. Пракоф’евай. Алена Ісакаўна звярнула ўвагу педкалектыву на наяўнасць пашпартоў у вучняў, якім споўнілася 14 гадоў, спынілася на пашпартным рэжыме, на нюансах абмену.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. У. Хамаганава расказала прысутным пра асаблівасці кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, нагадала, што галасаваць кожны выбаршчык будзе не па месцы пражывання, а па месцы рэгістрацыі ў пашпарце.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, па спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч засяродзіў увагу прысутных  на выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2013 годзе. У прыватнасці, ён спыніўся на дасягненнях обальскага рэгіёна. Уведзена ў мястэчку новая свідравіна, многае зроблена для таго, каб абальчанін меў у ацяпляльны сезон гарачую ваду, нямала зроблена  па добраўпарадкаванні Обалі.
В. М. Саковіч асаблівую ўвагу ўдзяліў адукацыйным праблемам, перспектывам развіцця сеткі школ і дашкольных устаноў, спыніўся на такой  “арыфметыцы”: калі гадоў 10 назад у раёне было 3,5 тысячы вучняў, сёння іх засталося ўсяго 1878.
Напрыканцы гаворкі з залы паступілі пытанні. Па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, па добраўпарадкаванні, па дахах дамоў, якія працякаюць. Усе праблемы камунальнага характару ў Обалі ўзяў пад кантроль намеснік дырэктара УП ЖКГ У. П. Воранаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *