КАМАНДНЫ ІГРОК АЛЯШКЕВІЧ
У свае 16 год дзесяцікласнік Аляксей Аляшкевіч мае цудоўныя для валейболу фізічныя даныя: рост – 191 см, вага –74 кг. На сённяшні дзень ён надзейны ігрок асновы зборнай вобласці па валейболе, у мінулым годзе ў складзе каманды нашага раёна стаў чэмпіёнам вобласці, яшчэ пяць разоў станавіўся прызёрам абласнога першынства.
ТРЭНЕРЫ
У валейбольнай кар’еры Аляксея было тры трэнеры – Любоў Бабова, Анатоль Завадскі і Аляксей Паршыкаў. І кожны сыграў сваю адметную ролю.
З лёгкасцю хлопец успамінае трэці клас, калі бабуля пачала вадзіць яго ў валейбольную секцыю. Любоў Васільеўна усяляк падтрымлівала малышоў, якія пачыналі рабіць першыя крокі ў валейболе. Гэта сёння Аляксей толькі ўсміхаецца, калі расказвае пра першыя валейбольныя трэніроўкі. Хаця, як сам прызнаецца, менавіта першы-другі год сталі тым падмуркам, з якога пачаў вырастаць сапраўдны валейбаліст.
Усё памянялася, калі Аляшкевіч перайшоў да Анатоля Завадскага. Гэта быў ужо сапраўдны валейбол. Безумоўна, Анатоль Яўгенавіч сыграў выключную ролю у станаўленні юнага валейбаліста. Блок, прыём, падача, атака – тое, чаму А. Я. Завадскі на кожнай трэ-ніроўцы ўдзяляў увагу. І Аляксей прафесійна рос з кожнай трэніроўкай. Неўзабаве стаў іграком асновы, аднак на першыя ролі ў камандзе не выходзіў.
Апошні год Аляксей займаецца з Аляксеем Паршыкавым. Менавіта пры гэтым трэнеры хлопец пачаў раскрывацца як валейбаліст. Упэўненасць і прафесіяналізм шумілінскага спартсмена заўважылі трэнеры зборнай вобласці. “Няма нічога дзіўнага, – кажа трэнер. – Высокія валейбалісты значна пазней пачынаюць нармальна гуляць. Магу сказаць адно: ён дабаўляе літаральна з кожным днём”.
НА ПЛЯЦОЎЦЫ
Спакойны, упэўнены, неганарлівы. Аляксей проста выконвае тое, чаму яго навучылі – без пафасу, без вялікіх эмоцый. Ён – выключна камандны ігрок. “Мне патрэбна, каб у камандзе быў лідар, – зазначае Аляксей. – Тады і ў мяне атрымліваецца ўсё. (Усміхаецца). Відаць, хачу сыграць лепш, чым лідар каманды…”
“У валейболе ігрок з такім характарам як у Аляшкевіча – проста знаходка, – адзначае Аляксей Паршыкаў. – Зраблю, можа, і не зусім карэктнае параўнанне. Валейбольная каманда – складаны зладжаны механізм, кожны ігрок – дэталь гэтага механізма, адны з якіх заўсёды на віду, другія ж – у цяні”.
ПРА ВАЛЕЙБОЛЬНАЕ БУДУЧАЕ
Аляксей апошнім часам цвёрда вырашыў ісці ў прафесійны спорт. Па яго прызнанні, без валейболу жыць ужо не можа. Хлопец упэўнена ідзе да сваёй пастаўленай мэты, крок за крокам. Вясной гэтага года жадае сваёй гульнёй гучна заявіць пра сябе ў рэспубліцы, а там будзе адкрыта дарога і ў першую лігу чэмпіянату Беларусі. А больш далёкіх планаў Аляксей не робіць, гэта пакуль не ў яго характары…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2014 г.