Шалі і паланціны
Той, хто пачынае вучыцца вязаць, ведае, якой непасільнай гэта справа здаецца спачатку. Пятля за пятлёй, радок за радочкам… Рукі паступова пачынаюць прывыкаць, і ў самых цярплівых атрымліваюцца самыя сапраўдныя шэдэўры.
Сярод такіх цярплівых і ўседлівых – Вера Іванаўна Кавалёнак з Шуміліна. Яна вяжа кручком і пруткамі больш за сорак гадоў. І мае ці не адзіную ў раёне калекцыю шаляў і паланцінаў – іх з добрыя два дзясяткі. Звязаныя рознымі ўзорамі, яны ўнікальныя і непадобныя адзін на адзін. Кожны з іх прымеркаваны да пэўнага ўбору. Шалевы каўнер на паліто таксама глядзіцца заўсёды стыльна і модна, упэўнена Вера Іванаўна.
“Шалі былі і заўсёды застаюцца моднымі, яны заўсёды ўпрыгожваюць жанчыну, – упэўнена В. І. Кавалёнак. – Вяжу для сябе. Можна сказаць, дзеля душы. Перавагу аддаю шалям з паўшарсцяных нітак. Выкарыстоўваю махеравыя і ангору. Для ажурных лёгкіх шаляў выбіраю больш тонкія ніткі, напрыклад, баваўняныя – з іх лёгка вязаць дэкаратыўныя ўзоры. Колер і тэкстуру выбіраю па густу, мне больш падабаюцца аднатонныя”.
Часта за аснову для шаляў Вера Іванаўна бярэ схему любой сурвэткі і падганяе яе пад патрэбны памер. Што датычыцца стылю вязання, то іх занадта многа. Напрыклад, шаль з цэнтральнай пятлёй вяжацца ў стылі “персі”, а без яе – у стылі “кіры” і многіх іншых.
Вучыцца вязаць В. І. Кавалёнак пачала ў дзяцінстве. “Наша суседка (жылі мы тады ў Каравайніцы) Ганна Макараўна Шмытава вязала кручком палавікі з рыззя, вось і мяне навучыла, – згадвае мая субяседніца. – А вось з пруткамі было складаней. У пачатковых класах у мяне атрымлівалася горш за ўсіх. Нават плакала з-за гэтага, а мая настаўніца Яўгенія Паўлаўна Каранеўская супакойвала. А мне ну вельмі хацелася вязаць. Прыходзіла дадому – і давай трэніравацца. Звяжу – непрыгожа, распускаю і зноў вяжу, вяжу…
Вера Іванаўна займаецца вязаннем усё жыццё. Удасканальвала сваё майстэрства па кніжках і часопісах. А зараз і сама прыдумвае новыя ўзоры, падбірае спалучэнні розных нітак, эксперыментуе. І не толькі таму, што працуе метадыстам Шумілінскага Дома рамёстваў. Жанчына не сядзела без сваёй любімай справы і калі гадавала дзяцей, і калі працавала поварам. “Вязанне стала ў маім жыцці не проста захапленнем, але і вельмі карыснай справай, – кажа В. І. Кавалёнак. – Помню, у дэфіцытныя 90-я гады маё захапленне вельмі выручала: вязала дачцэ і двум сынам шапкі, світары, шкарпэткі і рукавічкі”.
Зараз Вера Іванаўна не толькі вяжа сама, але і перадае свой вопыт іншым. У метадыста Дома рамёстваў можна навучыцца вязаць не толькі шалі, але і рознага кшталту сурвэткі, цацкі, прыгожыя сувеніры.
Дарэчы, кожны год В. І. Кавалёнак удзельнічае ў выставах творчасці раённага і абласнога ўзроўняў. А кожнае лета падчас “Славянскага базару ў Віцебску” яе са сваімі шалямі і сувенірамі можна ўбачыць у “Горадзе майстроў”. Вера Іванаўна заўсёды рада расказаць пра свае вырабы і нават паказаць гасцям “Славянскага базару” майстар-клас.
На пытанне, над чым працуе зараз, Вера Іванаўна адказвае: “Вяжу шаль! Цяпер на дапамогу прыйшоў інтэрнэт – там знаходжу арыгінальныя ўзоры для шаляў і паланцінаў. Хочаце і вас навучу вязаць шалі? Прыходзьце, калі ёсць жаданне”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 04.02.2014 г.
Чудо, рождённое крючком и спицами
