Дачны сезон. Для злодзеяў
За мінулы год ў раёне зарэгістравана 12 крадзяжоў з дачных дамоў (9 з іх раскрыты), а ў студзені гэтага года – ўжо 4 крадзяжы.
Злодзеі выбіраюць у якасці “ахвяр” менавіта тыя дачы, на якія гаспадары зімой прыязджаюць рэдка або не прыязджаюць увогуле, дзе слабыя дзвярныя запоры і няма рашотак на вокнах. Так, у гэтым годзе абакралі дачы ў вёсках Язвіна, Беркавічы і аграгарадку Мікіціха.
“Многія гараджане наіўна думаюць, што ў іхнім дачным доме няма чаго браць, – кажа начальнік крымінальнага вышуку РАУС С. І. Бяржанін. – Але, як высвятляецца потым, у доме знаходзілася шмат чаго каштоўнага. Акрамя асабістых рэчаў гаспадароў, крадуць усё металічнае: катлы з лазняў, электрарухавікі, запчасткі ад машын і трактароў, алюмініевы посуд, веласіпеды. Таму такія рэчы лепш вывозіць на зіму з дач ці аддаваць на захоўванне, скажам, суседзям. Хочацца звярнуць увагу на тое, што ў большасці выпадкаў украдзенае поўнасцю не вяртаецца. Ды і хто будзе плаціць іскі, калі злодзей не працуе і ў яго няма ніякай маёмасці?”
Апошнім часам людзі скардзяцца ўчастковым, што ў вёску часта прыязджаюць асобы цыганскай нацыянальнасці. А пасля іх ад’езду нешта прападае. Так, нядаўна абрабавалі жыхара Язвіна – укралі ноўтбук і мадэм.
“Хочацца параіць вясковым жыхарам ні ў якім разе не пускаць у свой дом незнаёмых людзей, – кажа Сяргей Іванавіч. – Калі вам хочацца іх пачаставаць, вынесіце пачастунак на вуліцу. Калі “госці” скардзяцца на недамаганне, то патэлефануйце ў хуткую дапамогу, а не бярыцеся лячыць самі. У адваротным выпадку, як паказвае жыццё, вам прыйдзецца звяртацца за дапамогай у міліцыю.”
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 04.02.2014 г.