4 февраля – Всемирный день борьбы против рака

Здоровье

“Як гэта ні балюча,  а рак маладзее…”
Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць рака. Вядома,  прафілактыка не павінна абмяжоўвацца толькі адным днём, яна павінна праводзіцца сістэматычна, настойліва, кожны дзень. І  такі прынцып прафілактыкі звязаны перш за ўсё з той акалічнасцю, што анкалогія паступова выйшла на самыя перадавыя “рубяжы” захворванняў чалавека.
Наша гутарка з раённым урачом-анколагам С. Г. Вінаградавым.
– Сяргей Генадзьевіч, у чалавека  існуе паталагічны страх перад анкалогіяй. Тым не менш нярэдка звяртаюцца да ўрача надта позна. Чаму, як вы думаеце?
– Людзі перасталі клапа-ціцца пра здароўе. І маладыя, і людзі пажылога веку. А між тым рак маладзее, як гэта ні балюча. Маладзее ва ўсім свеце. І што характэрна: метастазы распаўсюджваюцца больш імкліва ў маладым арганізме.
– Што ж паспрыяла таму, што рак маладзее?
– Фактараў нямала, найбольш істотны – экалогія. Навука дасягнула самых прэстыжных вышынь, аднак да экалагічнай бяспекі яна калі і звяртаецца, то недастаткова. Яшчэ – лад жыцця чалавека, яго прыкрыя і заганныя звычкі. Асабліва ўплывае на анкалогію курэнне. І як вынік, сумны, вядома: на першым месцы сярод анкалагічных захворванняў – рак лёгкіх. У раёне за мінулы год зарэгістравана 12 выпадкаў рака лёгкіх. Далей ідзе рак малочных залоз, страўніка. Вывад для тых, хто курыць і не збіраецца кідаць,  павінен напрошвацца сам па сабе. І методык для таго, каб адвыкнуць ад згубнай прывычкі, існуе нямала.
– Сяргей Генадзьевіч, вы кажаце, што рак маладзее. Чалавек, хутчэй за ўсё,  позна звяртаецца да ўрача…
– Вось у тым і ўся бяда. Трэба раз у год праходзіць абследаванне. Існуе сістэма скрынінг, якая дазваляе выявіць рак на ранніх стадыях. Толькі ў такім выпадку (на 1-ай і 2-ой стадыях) рак вылечваецца амаль у 90% хворых. Праўда, на першых стадыях хвароба часта працякае бессімптомна. Таму незалежна ад таго, быў “званочак” ці не, трэба праходзіць абследаванне.
– Што трэба, каб не захварэць чалавеку на анкалогію?
– Весці здаровы лад жыцця. Перш за ўсё. Па экалогіі – тут больш дзяржаўны клопат, хаця і сам чалавек можа зрабіць многае. Трэба не харчавацца як папала, спажываць экалагічна чыстыя прадукты. Толькі тады чалавеку ўдасца пазбегнуць такой каварнай хваробы.
Гутарыў Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №9 ад 04.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *