Криминал. Происшествия

Происшествия

Угон
А сёмай гадзіне вечара машына яшчэ стаяла ля дома, а раніцай яе і след прастыў. Гутарка пра мікрааўтобус “Фольксваген-Каравэла”, які ўгналі  ў жыхара а.-г. Светласельскі. Пацярпелы звярнуўся ў райаддзел унутраных спраў з просьбай дапамагчы знайсці аўтамабіль. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа. Мікрааўтобус і ўгоншчыкі вышукваюцца.
Прэвентыўны нагляд
Жыхар Добрына быў судзімы за грабеж. Ён вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, але знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам. Ды толькі яго патрабаванні не выконваў: ва ўстаноўлены вячэрні час мужчыны не было дома, ён злоўжываў спіртнымі напіткамі. За невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду супраць вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.
Падпал
Пажарныя машыны па выкліку імчаліся ў Казьяны: у вёсцы загарэўся жылы дом. Агнём былі пашкоджаны сцены, дах. Пажар патушылі. А справа перададзена ў раённы аддзел унутраных спраў, бо, як высветлілася, прычына пажару – падпал. Былы муж гаспадыні (яны ў разводзе, але жывуць пад адным дахам) пасля распіцця спіртнога прыраўнаваў сваю былую жонку, схапіў каністру з бензінам і абліў дом. Выліў амаль чатыры літры бензіну.  А потым чыркнуў запалкамі. Агонь хутка пабег па падлозе, перакінуўся і на мужчыну (на яго трапілі пырскі бензіну).
Мужчына з апёкамі 2-3 ступені знаходзіцца на лячэнні ў хірургічным аддзяленні райбальніцы. А ў гэты час супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па арт. 218, ч. 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае пашкоджанне маёмасці”.
ДТЗ
У мінулым годзе ў раёне зарэгістравана восем дарожна-транспартных здарэнняў, загінула 9 чалавек, паранена тры. Сярод  дарожна-транспартных здарэнняў пераважаюць лабавыя і спадарожныя  сутыкненні, наезд на веласіпедыстаў ці на перашкоду. Галоўныя прычыны ДТЗ – парушэнне вадзіцелямі хуткаснага рэжыму, парушэнне правілаў абгону, кіраванне машынай у стане алкагольнага ап’янення.
На мове лічбаў
За мінулы год супрацоўнікі дзярж-аўтаінспекцыі выявілі ў нашым  раёне 4487 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Хуткасны рэжым парушылі 1835 вадзіцеляў, 67 вадзіцеляў селі за руль ў стане алкагольнага ап’янення, за што былі пазбаўлены вадзіцельскіх правоў тэрмінам  на тры гады. Адзін ва-дзіцель сеў за руль аўто з несапраўднымі дакументамі.
Сярод пешаходаў, веласіпедыстаў і кіроўцаў гужавых павозак у мінулым годзе зарэгістравана 377 парушэнняў Правілаў дарожнага руху.
Нецвярозы
Жыхар Шуміліна ў нецвярозым стане за рулём легкавога аўто быў затрыманы супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі. Мужчыну пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *