Криминал. Происшествия

Происшествия

Абакралі аўтобус
Двое непрацуючых жыхароў Светласельскага а першай гадзіне ночы апынуліся на аўтавакзале ў Шуміліне. Яны знялі з рэйсавага аўтобуса рэгістрацыйны знак, праніклі ў салон і ўкралі магнітолу, што належала вадзіцелю аўтобуса. Супраць мужчын узбуджана крымінальная справа.
Не вярнуўся…
У РАУС звярнулася жыхарка Шуміліна і расказала, што яе сын паехаў на заробкі ў Расію і не вярнуўся ў прызначаны тэрмін. Ад яго няма ніякіх звестак амаль паўтара месяца. Супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў вядуць вышук прапаўшага.
Аліменты
Непрацуючы жыхар Шуміліна запазычыў аліменты свайму непаўналетняму сыну за пяць месяцаў. Мужчына нават і спробы не рабіў працаўладкавацца. Узбуджана крымінальная справа.
Пажар у Мікалаёве
У Мікалаёве ўзгаранне на верандзе адбылося з-за таго, што шторы датыкаліся да электралямпачкі без плафона. Веранда часткова пашкоджана. Выратавальнікі прыехалі своечасова – агонь не паспеў перакінуцца на дом.
Дача
У РАУС звярнулася жыхарка Віцебска – яе дачны дом у вёсцы Соіна абрабавалі. Калі міліцыянеры прыехалі на месца здарэння, то ўбачылі ў доме разбітыя шыбы акон. Прапалі асабістыя рэчы гаспадыні, пасцельныя прыналежнасці, сокавыціскалка. Урон, нанесены пацярпелай, складае каля двух мільёнаў рублёў.
Дарэчы, як сведчаць міліцэйскія зводкі, крадзяжы з дачных дамоў часцей здараюцца менавіта зімой. Таму дачнікам не перашкодзіць па-клапаціцца пра надзейныя запоры на дзвярах і рашоткі на вокнах.
«Абмыў» пакупку
Жыхар Слабады купіў новы легкавы аўтамабіль «Рэно». Відаць, “абмываў” яе не адзін дзень. Праз некалькі дзён пасля пакупкі нецвярозага мужчыну на машыне спынілі супрацоўнікі ДАІ ў Мікіцісе. Вадзіцелю прыйдзецца заплаціць штраф 11,7 мільёна рублёў. Акрамя таго, ён пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады.
За рулём без правоў
Жыхар Шуміліна раней быў пазбаўлены правоў кіравання. Але зноў сеў за руль і быў спынены супрацоўнікамі ДАІ ў Віцебску. Прычым, на патрабаванне спыніцца вадзіцель памчаўся далей. Думаў, што ўцячэ ад адміністрацыйнай адказнасці. На парушальніка складзены два адміністрацыйныя пратаколы. Мужчыну пагражае штраф да 60 базавых велічынь.
***
Супрацоўнікі ДАІ прыпынілі на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне жыхара райцэнтра, які ехаў на “Фольксвагене”. Правоў кіравання мужчына не меў па той прычыне, што быў іх пазбаўлены яшчэ ў канцы мінулага года за паўторнае парушэнне хуткаснага рэжыму. Вадзіцелю пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №3 ад 14.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *