Тры пытанні, і ўсё не без праблем
На даклад па ходу выканання Праграмы “Культура Шумілінскага раёна на 2011-2015 гг.” в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая адвяла на пасяджэнні райвыканкама 15 хвілін. Так і было вызначана рэгламентам. Калі ўлічыць, што зроблена шмат, што ёсць нядрэнныя напрацоўкі і здабыткі, часу было мала. Тым не менш дакладчык “спрасаваў” інфармацыю так, што ў прысутных склалася цэласнае ўражанне, адзіная, калі хочаце, карціна. Апусціўшы нешта менш істотнае, адзначым перш за ўсё, што многае робяць у раёне па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Тут і павелічэнне аб’ёмаў музейных фондаў, і папаўненне спісу аб’ектаў спадчыны, якім быў бы прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Трэба сказаць, на рамонтна-аднаўленчыя работы пайшло сёлета амаль 1820 мільёнаў рублёў, тады як у 2012-ым гэтая сума была ледзь не ўтрая меншая. Адна з апошніх работ, пададзеных на прысваенне такога статуса, – тэхналогія чорназадымленай керамікі майстра па ганчарству А. В. Любімава.
Шырока падала В. Г. Навіцкая аналіз работы згодна з раздзелам Праграмы “Народная творчасць”. Тут вялася гаворка пра 14 калектываў, якім прысвоена званне “народны”, і пра 5 узорных калектываў. І не толькі пра іх – наогул пра тую атмасферу творчага ўздыму, якая пануе ў асяроддзі работнікаў культуры. І не толькі штатных, а і тых, хто дапамагае ў гэтай справе на грамадскіх пачатках. Поспехаў нямала, ёсць ганаровае права праз кожныя два гады прымаць у Шуміліне абласное свята гумару “Смяяцца – не грэх”. Далёка за межы раёна сягнула слава пра народны тэатр мініяцюр “Буф”, пра іншыя славутыя калектывы раёна.
Гаворка вялася пра папаўненне бібліятэчнага фонду. Пакуль што з паляпшэннем сітуацыі ёсць загвоздка, і галоўная прычына праблемы – недахоп грошай. Напрыклад, з абласнога бюджэту выдаткавана на гэтыя мэты 15,5 мільёна рублёў пры плане 20,6 мільёна, з раённага паступіла 304, 2 мільёна пры плане 428,7 мільёна. Тым не менш бібліятэкі працуюць творча, вынаходліва, стараюцца данесці кнігу да чытача.
Не абмінулі ўвагай і пытанні падтрымкі таленавітай моладзі, захавання і папулярызацыі народных святаў, абрадаў традыцыйнай культуры, пра розныя творчыя агляды, конкурсы.
Першы намеснік старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў, які вёў пасяджэнне райвыканкама, зацікавіўся плёнам работы моладзевых дыскатэк. “Зазірнуў аднойчы ў Дом культуры – некалькі чалавек. Дзе людзі? Можа, яны ўсе бадзяюцца па завуголлі? І наогул колькі зарабляе культура на дыскатэках?” – запытаўся Васіль Цімафеевіч. Аказалася, гэтая платная паслуга займае амаль 80% ва ўсім аб’ёме платных паслуг галіны. Аднак праблема ёсць, згаджаецца В. Г. Навіцкая. І галоўная, бадай – не працуе буфет у фае РДК у Шуміліна. Вя-ліся перамовы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, з кіраўніцтвам райспажыўтаварыства. Адмовіліся. Аднак трэба не спыняць пошук у рашэнні прыцягальнасці дыскатэк і наогул культурных мерапрыемстваў.
* * *
Другая тэма, вынесеная на парадак дня, калі шчыра, набіла аскому. Тэма выканання вядомага Дэкрэта № 18, а калі больш канкрэтна – работа з абавязанымі. Тым не менш трэба працаваць у адзіным накірунку спагнання грошай з абавязаных асоб за адабраных дзяцей. Пакуль што з гэтым праблем цераз край. Дакладчык, памочнік пракурора раёна А. П. Гасанаў, прывёў некалькі фактаў, калі РАУС не прымаюцца практычныя захады для дастаўкі “кантынгенту” на працу. Абавязаныя адчулі сябе вельмі прывольна. І пацвярджэнне гэтаму – пазіцыя некаторых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. А. П. Гасанаў прывёў прыклад, калі дырэктар райаграсэрвісу У. А. Арлоў узяў на сябе смеласць не прыняць на работу такую асобу, на што не меў законнага права. У выніку доўгі час абавязаная асоба не працавала, а значыць, не былі адлічэнні на кампенсацыю выдаткаў з боку дзяржавы. Органам дзяржаўнай службы занятасці вінаваты не быў пакараны, і толькі па патрабаванні пракурора раёна гэта было зроблена. Дапускаецца яўнае заніжэнне заробкаў гэтымі асобамі, іншыя парушэнні. якія павінна выявіць у час праверак упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Вынік недастатковай каардынацыі ў рабоце РАУС, сацыяльнай службы, кіраўнікоў прадпрыемстваў –1831 прагул абавязаных асоб за 9 месяцаў года.
Выступіў начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі. На яго думку, уся прычына “правалу” не толькі ў дастаўцы людзей на рабочыя месцы. Тут цэлы комплекс недапрацовак. Міліцыя выслала 40 прадстаўленняў на кіраўніцкі корпус арганізацый, дзе працуюць абавязаныя, афармляюць накіраванні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Застаецца касцяк з гэтых 73 абавязаных асоб, з якіх трэба спаганяць па максімуму, бо некаторых працаваць ніяк не прымусіць. В. Ц. Мянькоў не згаджаецца з начальнікам РАУС: “Вы што, распісваецеся ў сваёй бездапаможнасці?”.
Справаздачу трымала і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава. Акцэнт у выступленні быў зроблены на паўнату налічэнняў зарплаты абавязаным, на схему аплаты ў выхадныя дні.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які курыруе пытанне, пра-інфармаваў, як з прагуламі абавязаных абстаяць справы ў Бешанковіцкім, Ушацкім раёнах (адпаведна 48 і 47 прагулаў за верасень у той час, калі ў Шумілінскім ажно 183). Прыкладна такая ж карціна і па кампенсацыі выдаткаў на дзяцей згодна з Дэкрэтам № 18 (у Бешанковіцкім раёне 64,5%, у нашым – 46,6%).
* * *
Не менш ажыўлена ішло абмеркаванне мер па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней у раёне. З дакладам выступіў галоўны ветурач раёна І. У. Галуза. Выяўлены два выпадкі, калі мяса забітага вепра было інфіцыравана чумой. Гэта трывожна. Між тым на прыватных падворках яшчэ знаходзіцца 219 галоў свіней, асабліва многа такой жывёлы ў Дабейскім сельсавеце. А дзікоў трэба адстрэльваць: менавіта яны з’яўляюцца асноўнымі разносчыкамі хваробы. Адстрэл ідзе – і сіламі таварыства паляўнічых і рыбаловаў, і Шумілінскага лясгасу. У нашых лясах прыкладна жыве яшчэ 25 вепраў, хаця міграцыю іх не забароніш.
На пасяджэнні райвыканкама па тэме выступіў начальнік Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету В. В. Новікаў. Да яго паступіла пытанне: хто павінен кампенсаваць паляўнічаму за адстралянага вепра, якога трэба абавязкова закапаць, не ўжываючы мяса ў ежу? Выдаткі павінен кампенсаваць, на думку В. В. Новікава, раённы бюджэт.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2013 г.