К 70-летию с дня освобождения Мишневич от немецко-фашистских захватчиков

Актуалии

Сціплы расказ пра людзей, якія ваявалі
З ветэранскіх шарэнгаў зараз у Мішневіцкім сельсавеце засталося ў жывых пяць чалавек. Пра гэта ўзгадвала раённая газета ў адным з апошніх рэпартажаў, прысвечаных 70-ай гадавіне з дня вызвалення Мішневіч у гады Вялікай Айчыннай вайны.
З пяці ветэранаў вайны двое – франтавікі. Няхай не ў тым сэнсе, што ішлі ў штыкавую атаку, стралялі з кулямёта ці вінтоўкі – не. Аднак без іх, без такога “фронту” не было б і баявога салдата. Маю на ўвазе гаспадарчы ўзвод, у якім мылі-цыравалі салдацкія рэчы, дапамагалі байцам ў набыцці нейкага бытавога рыштунку. Менавіта такой “прачкай”, як называе сябе сама Алена Фёдараўна Дзмітрыева, і давялося паслужыць у войсках і дайсці з пераможцамі да самага Кёнігсберга.
Другі ветэран, Марыя Дзмітрыеўна Іванова, якая жыве ў вёсцы Красамай, ваявала на 1 Беларускім фронце. У баях не ўдзельнічала, затое разам з іншымі байцамі выгружала вагоны з боепрыпасамі, адпраўляла на фронт машыны са зброяй, выконвала тэрміновыя заданні камандзіраў.
Ёй 92 гады, любіць, каб быў парадак на падворку, вырошчвае шмат кветак, творча, з фантазіяй падыходзіць да справы. Яна была пераможцам раённага агляду-конкурсу ветэранскага падворка “Мая зямля – мой родны дом”.
Астатнія трое – былыя партызаны. Мікалай Фёдаравіч Міхайлаў на пачатку вайны быў юнаком, якога ў партызаны не бралі – малы. Але ён не здаўся на волю лёсу. Рашыўся прыпісаць сабе адзін год з тым, каб трапіць у партызанскі атрад. На гэты раз узялі. Ваяваў, быў пры кулямётным разліку. Трапіў у акружэнне, калі вырываўся – падарваўся на міне. Паўгода лячыўся ў шпіталі ў Маскве, пасля выздараўлення вярнуўся дамоў.
Вярнуўся з баявым медалём “За адвагу”. Атрымаў яго за мужнасць. Хадзіў з баявымі таварышамі на “жалезку”, не далі прайсці нямецкаму эшалону на фронт.
У партызанах была і Ганна Аляксееўна Старавойтава. “Я была баявой партызанкай, – расказвае. – Пры зброі. І сядзела ў дазоры, і страляла добра з вінтоўкі…” Разам з партызанскім атрадам вырвалася падчас нямецкай блакады ў расонскія лясы, адтуль вярнулася, каб зноў ваяваць.
І нарэшце – Валянціна Іларыёнаўна Максімава. Са шматдзетнай сям’і, разам са старэйшымі братамі пайшла ў партызаны. Была разведчыцай. Хадзіла па вёсках з дваюрадным брацікам, высочвала, дакладвала пра агнявыя кропкі фашыстаў, пра здрад-нікаў, і наогул была, як кажуць, вушамі і вачыма партызанскага начальства. На жаль, яна зараз вельмі хворая, таму здымка не рабілі.
Такі вось сціслы расказ пра людзей, якія ваявалі. Няважна – са зброяй у руках ці без яе, выгружалі вагоны ці ішлі ў атаку. Галоўнае, што яны ўсё зрабілі, каб іх дзеці, унукі і праўнукі пра вайну ведалі толькі з успамінаў.
І апошняе. Хочацца напрыканцы выказаць падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула старшыні раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікавай, якая даслала ў рэдакцыю ліст, і старшыні Мішневіцкага сельвыканкама Л. А. Гаўрыленку.
Мікалай МАРОЗ.
Фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №92 ад 26.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *