Цябе навучаць, калі захочаш
22 кастрычніка ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў межах праекта “Жывая гісторыя майго краю” ладзіўся семінар “Метады нефармальнай адукацыі дарослых”. Семінар правяла член Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Адукацыя без межаў” Вольга Пчолкіна. Удзел бралі людзі, якія будуць рэалізоўваць праект ў нашым раёне, супрацоўнікі музея і бібліятэкі і актыўныя пенсіянеры.
Што такое нефармальная адукацыя, навошта яна патрэбна людзям і грамадству ў цэлым, як працаваць з дарослымі – пра ўсё гэта ішла размова ў ходзе семінара і практычнай яго часткі.
Справа ў тым, што ў нашым досыць кансерватыўным грамадстве слова “адукацыя” ўспрымаецца ў самым традыцыйным, калі не сказаць вузкім сэнсе гэтага слова. Пад адукацыяй мы разумеем часцей за ўсё менавіта фармальную яе разнавіднасць.
У той жа час у грамадстве абсалютна гарманічна могуць суіснаваць тры адукацыйныя падсістэмы: фармальная (школы, ПТВ, ВНУ і да таго падобнае), нефармальная (гурткі, аб’яднанні па інтарэсах) і інфармальная (стыхійнае навучанне з дапамогай тэатра, кіно, інтэрнэта і г. д.). Такі падыход дае падставы да фарміравання бесперапыннай адукацыі, даступнасці яе ў любым узросце для кожнага, а значыць, да развіцця грамадства ў прынцыпе. Гэта ідэя набывае асаблівае гучанне ў сувязі з імклівым развіццём тэхнічнага прагрэсу, развіццём сучасных тэхналогій, калі чалавек, што спыніўся ў працэсе пазнання, не мае магчымасці ўдасканальваць свае веды, можа проста аказацца на ўзбочыне жыцця. Чалавек мусіць мяняцца пад уплывам глабалізацыі, ён проста павінен адчуваць сябе ўпэўнена ў прапанаваных светам умовах, павінен, хаця б на паўкроку, але апераджаць падрастаючае пакаленне, каб не парушыліся асноўныя прынцыпы ўзаемадзеяння пакаленняў.
Карацей, чалавеку трэба вучыцца ўсё жыццё. І гэта не проста словы, а настойлівае патрабаванне часу, абавязковая ўмова для фарміравання грамадзяніна, для таго, каб кожны адчуваў сябе паўнавартасным яго членам.
У гэтай сувязі ёсць шмат спадзяванняў на праект “Адукацыя для дарослых”, які стартаваў на базе Цэнтра. Там будуць працаваць пяць гурткоў, а паколькі ўсё гэта дзеецца ў межах праекта “Жывая гісторыя майго краю”, то гурткі гэтыя звязаны з гісторыяй, культурай, традыцыямі Беларусі. Пра гэта мы пісалі. Групы з дарослых сфарміраваныя, і з лістапада пачнуцца заняткі. Вядома, па заканчэнні навучання ніхто не дасць удзельнікам праекта ніякіх дыпломаў, як, у прынцыпе, і абавязацельстваў. Цябе ніхто не навучыць, табе могуць толькі прапанаваць веды ці ўменні, а вось ужо ўзяць ці не ўзяць іх – вырашай сам – вось прынцыповая розніца паміж фармальнай і нефармальнай адукацыяй. Заходняя практыка пацвярджае высокі эфект такога кшталту адукацыі. Людзі вучацца новаму, затым маюць магчымасць дзяліцца гэтымі ўменнямі і ведамі з іншымі, зарабляць такім чынам грошы.
Але вучыць дарослых зусім не тое, што дзяцей. Трэба ўлічваць спецыфічныя асаблівасці аўдыторыі. Як зацікавіць, як падтрымліваць увагу, якімі павінны быць заняткі – пра ўсё гэта ішла гаворка падчас семінара. На першым этапе былі праведзены яшчэ два навучальныя семінары для падрыхтоўкі адукатараў (выкладчыкаў): “Культура самапазнання і самарэалізацыі асобы” і “Метады актывацыі і матывацыі пажылых людзей для ўдзелу ў жыцці грамадства”.
Заняткі на першым этапе будуць весці прафесійныя педагогі Цэнтра. Далей, калі ўсё добра складзецца, праект будзе працаваць самастойна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.