Прадукты
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар в. Лявонава: з яго дома ўкралі прадукты харчавання. Злодзей адціснуў шкло акна на верандзе і прабраўся ўнутр дома. Украдзенае “цягне” на трыста тысяч рублёў. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злодзея – жыхара гэтай жа вёскі. Мужчына затрыманы. Большая частка ўкрадзенага канфіскавана і вернута пацярпеламу.
Веласіпед
Раённая газета часта піша пра крадзяжы веласіпедаў. Але, па ўсім відаць, людзі не вучацца на чужых памылках. Вось такой бяспечнай была і жыхарка в. Пры-азёрная, якая пакінула свой веласіпед ля пад’езда дома. Праз некаторы час веласіпеда не стала. Пакуль што злодзей не знойдзены.
Мабільнікі
У жыхаркі райцэнтра, якая была ў гасцях у сяброўкі, прапаў ма-більны тэлефон. Аказалася, уваходныя дзверы кватэры не былі замкнутыя і нехта (пакуль яшчэ невядомы) ўвайшоў у прыхожую і прыбраў да рук мабільны тэлефон. Кошт тэлефона ацэнены амаль ў мільён рублёў.
А вось у жыхара вёскі Лакетчына мабільны тэлефон з дома прапаў два гады таму. Злодзея ж знайшлі толькі ў пачатку кастрычніка гэтага года. На чужы мабільнік паквапіўся жыхар г.п. Ула Бешанковіцкага раёна, раней судзімы за крадзеж. Мужчына затрыманы, ён падрабязна расказаў міліцыянерам, як зайшоў у незамкнутыя дзверы чужога дома і ўкраў з пакоя мабільны тэлефон.
Без правоў
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на аўтадарозе Р-20 жыхара Віцебска, які ехаў на аўтамабілі “Таёта”. На просьбу паказаць дакументы вадзіцель шчыра прызнаўся, што іх у яго няма. А пазбавіўся іх летась за тое, што ў стане алкагольнага ап’янення сеў за руль. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, які адправілі для разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
На заправачнай
Жыхар Шуміліна, які запраўляў “Мерседэс-Бэнц” на аўтазаправачнай станцыі ў Шуміліне, не ўпэўніўся ў тым, што вярнуў назад на бензакалонку паліўна-раздатачны кран, сеў на аўто і паехаў. А кран у гэты час быў у паліўным баку машыны. Муфта крана значна пашкоджана. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол.
Карова
Жыхарка а.-г. Мікіціха пакінула на некаторы час сваю карову без нагляду. Вядома, ніхто не чакаў, што жывёла выйдзе на праезную частку. Але здарылася менавіта так. І для вадзіцеля вялікагрузнага аўтамабіля МАН гэта было нечаканасцю. Карова была збіта і загінула на месцы. Машына пашкоджана. На гаспадыню каровы складзены адміністрацыйны пратакол, ёй пагражае штраф памерам да трох базавых велічынь.
Па матэрыялах раённага аддзела ўнутраных спраў падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2013 г.
Криминал. происшествия
