Аднаўляем інтэр’ер
Прызнацца, да нядаўняга часу тэма дабрабыту дзіцячых садкоў хвалявала мяне, мякка кажучы, не вельмі. Да той самай пары, пакуль уласнага сына не прывяла, у прыватнасці, у яслі-дзіцячы сад №1 у Шуміліне, сітуацыю ў якім можна смела праецыраваць на ўсе гарадскія сады. Зношаныя ў фізічным і маральным сэнсе мэбля, цацкі, дыдактычны матэрыял – усё гэта, пакуль не прывыкнеш, дужа засмучае.
У вёсках аналагічную сітуацыю ўдалося паправіць з узвядзеннем аграгарадкоў, калі ў межах выканання Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла абсталёўваліся і дзіцячыя сады.
Так пашанцавала і Светласельскаму садку, адзначыў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Пётр Спірыдонаў. Ён расказаў нам і пра тое, што сёння ўсё ж часткова аднаўляецца мэбля і ў пяці гарадскіх (у тым ліку, Обальскім) дзіцячых садах.
Канешне, тых сарака мільёнаў, на якія могуць разлічваць садзікі, надзвычай мала (каб на кожны па столькі), але ўсё ж. Канцэрн “Беллесбумпрам” паставіў столікаў і ложкаў у наш раён на 11 мільёнаў. Нашаму садзіку, напрыклад, дасталася 16 ложачкаў і 11 столікаў (абяцалі яшчэ, падзялілася надзеяй загадчыца Алена Садохіна).
“Да канца года са склада прадпрыемства паступіць яшчэ на 29 мільёнаў дзіцячай мэблі, — працягвае гутарку Спірыдонаў. — Патроху атрымае кожны сад”.
На жаль, іншых крыніц па аднаўленні матэрыяльнай базы дзіцячых садоў начальнік РАА сёння не бачыць. І прыходзіцца нашым дзеткам працягваць карыстацца мэбляй мамінага ўзросту. Добра, што пакуль яны ўмеюць радавацца жыццю, не звяртаючы на гэта ўвагі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Опубликовано в №82 от 22.10.2010