ЯК ЦЯЖКА НАС СТАНОВІЦЦА ЗДЗІЎЛЯЦЬ
Яшчэ нейкіх 15 год назад мы і падумаць не маглі, што некалі будзем фатаграфавацца з дапамогай тэлефона. Сёння ж не фатаграфуе хіба толькі міксер (проста ніхто не ставіць перад ім такой задачы). Тэхнічны прагрэс – у вечным пошуку, і здзівіць нас яму становіцца ўсё больш складана. Мы прывыклі да разумных халадзільнікаў, да пральных машын з усталяваным інтэлектам, да тэлефонаў, якія не толькі звоняць.
Жыццё абывацеля набыло новы смак, перайшло ў новы фармат. Гэта ва ўсім, не толькі ў тым, што тычыцца непасрэдна тэхнікі. Жыццё трансфармуецца, фарміруецца новы тып узаемаадносін, новы тып чалавека ўвогуле. Вось паспрабуйце патлумачыць свайму дзіцяці, што некалі, зусім нядаўна, не было мабільнікаў і камп’ютараў. Паверце, яму будзе складана ўсвядоміць гэты факт.
Днямі сустрэла старую знаёмую, якая заявіла: “Дзе ты? Што з табой? Чаму цябе няма ў “Аднакласніках”? Пра цябе ж ніхто нічога не ведае”. Прыйшлося апраўдвацца, нешта тлумачыць, хаця, паўстае пытанне, чаму я абавязкова павінна там “быць”. А атрымліваецца так: няма цябе ў “Аднакласніках”, значыць, цябе зусім няма. Іншыя спосабы абазначыць сябе ў прасторы і часе ўжо не дзейнічаюць. Ва ўсялякім разе для тых, хто звузіў свае ўзаеміны з сусветам да памераў камп’ютарнага акна. І ўсе гэтыя развагі пры тым, што асабіста я – толькі “за”. За тую бясконцую свабоду, за даступнасць інфармацыі, за лёгкасць і прастату камунікацыі. Проста цікава назіраць за жыццём, яго новымі праявамі.
Неяк у парку назірала, як матуля ладзіла фотасесію для свайго трохгадовага дзіцяці. Яна літаральна “прымушала” сына быць радасным, імітаваць шчасце, стоячы ля розных там катоў і кракадзілаў. Па ўсім было відаць, што ні маці, ні тым больш малому гэты працэс не прыносіў задавальнення, але ёй для чагосьці тэрмінова патрэбны былі гэтыя фотаздымкі. Магчыма, і для размяшчэння іх у сацыяльных сетках. Ва ўсялякім разе гэтыя фота (тыя, што для “Аднакласнікаў”) ужо ўпэўнена заяўляюць пра сябе, як пра асобны “накірунак” у мастацтве фатаграфіі.
Міжволі пашыраюцца і межы інтымнага, сціраюцца, ты перастаеш іх заўважаць. Вось сядзіць у паўнюткай маршрутцы хлопец і, нават не думаючы чырванець, абмяркоўвае па тэлефоне асабліва прыемныя моманты мінулай ночы. Робіць гэта ва ўвесь голас, каб суразмоўцу было добра чуваць, забыўшыся на тое, што і ўсім пятнаццаці спадарожнікам, уключаючы вадзі-целя, таксама ўсё добра чутна (можа, хто і прыпынак свой праедзе, каб даслухаць). І гэта пры тым, што такой канкрэтнай мэты, можна меркаваць, гэты хлопец перад сабой і не ставіў.
І так ва ўсім. Чалавек змяніўся пад уздзеяннем тэхнічнага прагрэсу. Стала больш імклівым жыццё. Гэта трэба ўлічваць. І сфера не мае прынцыповага значэння. Творчасць гэта ці выхаванне дзяцей, узаемаадносіны паміж людзьмі ці больш глабальныя сувязі – падыходы пакрысе мяняюцца.
Марына МАЛІНІНА.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2013 г.