«Родник» делает ставку на картофель

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

СФГ “Раднік”: стаўка на бульбу
150 гектараў
У гэтым годзе на тэрыторыі сялянска-фермерскай гаспадаркі “Раднік” пасаджана 150 гектараў бульбы. Гэта на паўсотню гектараў менш, чым было ў мінулым годзе. “Памяншэнне бульбяных палеткаў апраўдана тым, што няма стацыянарных сховішчаў, – кажа кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі Ю. В. Сямёнаў. –  У нас прыстасаваныя памяшканні для захоўвання ўраджаю: у Галях былое жывёлагадоўчае памяшканне, у Мішкавічах уцяплілі каркас, які застаўся яшчэ з савецкіх часоў. Сюды можна размясціць 2,5 тысячы тон бульбы.” А калі летась накапалі шэсць тысяч тон, дык не ведалі, куды дзяваць ураджай. Тым больш, што эліту і суперэліту аднаго і таго ж гатунку трэба захоўваць асобна.
Парадаваў «уладар»
У СФГ “Раднік” тры бульбаўборачныя камбайны. “Гэтай тэхнікі дастаткова, – кажа Ю. В. Сямёнаў. – Спраўляемся”. На мінулым тыдні, калі мы пабывалі на бульбяных палетках ва ўрочышчах Гарадок і Логвіны, тут працавалі два камбайны. Механізатар Сцяпан Харкевіч рамантаваў свой трактар, абяцаў хутка падключыцца да работы. Асноўная нагрузка ў гэты дзень клалася на Анатоля Карнякова і Леаніда Кавалеўскага. Мяркуючы па таму, што за хвілін пятнаццаць бункер камбайна быў поўны, ураджайнасць бульбы нядрэнная. “Так, 200-300 цэнтнераў з гектара, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун, з якой разам прыехалі па палеткі. – А гатунак “уладар” у гэтым годзе дык і да 400 цэнтнераў з гектара ўрадзіў. Нават не хапала тэхнікі на адвозцы. Дзякуй, што дапамаглі шэфы – ПМС прадаставіла нам два трактары”.
“Работа ў нас ладзіцца, – кажа механізатар Леанід Кавалеўскі, якога папрасілі прыпыніцца на хвілінку. – Галоўнае, што стаіць добрае надвор’е, бульба сухая і прыгожая. За дзень на камбайне капаю тон семдзесят, а то і больш”.
8 гатункаў
У гэтым годзе на палетках “Радніка” расце восем гатункаў бульбы. “Пітомнік зыходнага матэрыялу бяром у інстытуце бульбаводства ў Самахвалавічах, – працягвае гаворку Юрый Віктаравіч. – Атрымліваем суперсуперэліту. Так, у гэтым годзе ўпершыню пасадзілі ранні гатунак “зорачка” беларускай селекцыі. Раней за іншых на гэтым полі скасілі бацвінне, каб штучна  прыпыніць рост бульбы, бо для насення не патрэбны буйныя клубяні”.
Увогуле ў сялянска-фермерскай гаспадарцы робяць стаўку на раннія, сярэдняраннія і сярэднія гатункі бульбы – “няптун”, “скарб”, “брыз”, “лілею”, “уладар”. Раннія гатункі пачалі капаць на продаж яшчэ ў ліпені. Прадавалі ў розныя арганізацыі Віцебскай вобласці, у сетку магазінаў “Веста” і “Ніка”.  На ранніх гатунках дзесьці прайгралі ва ўраджайнасці, але затое выйгралі ў цане – у ліпені бульба была даражэй чым у верасні больш як у два разы.
На днях у гаспадарцы прыступаюць да ўборкі двух позніх гатункаў – “рагнеды” і “рыкеі”.
Пераборка
Але галоўнае для гаспадаркі – не столькі выкапаць бульбу, колькі яе перабраць, расфасаваць, захаваць, прадаць. З аднаго боку, у “Радніка” нядрэннае тэхнічнае аснашчэнне: у мінулым годзе закупілі новае абсталяванне германскай вытворчасці па фасоўцы і сартыроўцы. Прапускная здольнасць – 60 тон за гадзіну. Але ж ніякая машына не можа замяніць чалавечых рук. ”Сярод бульбы трапляецца і каменне такога ж памеру, а таксама зялёная, гнілая  і старая бульба, непрыгодная для ежы, – тлумачыць Ю. В. Сямёнаў. – Таму востра стаіць праблема з пераборкай. Запрашаем усіх жыхароў раёна прыязджаць да нас на пераборку, разлічваемся бульбай ці грашыма.  Кожны дзень у нас працуюць 40-50 чалавек. Гэта мясцовыя людзі, з Цэнтра занятасці і шэфы з Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. На самой справе людзей на пераборку трэба хаця б чалавек сто. Не спраўляемся. Ды і некаторыя гараджане, шчыра прызнаюся, прыязджаюць хіба толькі каб час адбыць, а не працаваць. А вось нашы, мясцовыя, працуюць добра – адзін чалавек перабірае за дзень да тоны бульбы”.
Кошт бульбы
“На 23 верасня ў СФГ “Раднік” убралі 78% вырашчанай бульбы, накапалі 2942 тоны. Сярэдняя ўраджайнасць склала 252 цэнтнеры з гектара”, – кажа начальнік аддзела інтэнсіфікацыі і вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў.
Частку ўраджаю ўжо рэалізавалі не толькі ў Віцебскай вобласці, але і за яе межамі. Купляюць бульбу і жыхары раёна. Так, падчас нашага прыезду жыхар Шуміліна, які дабраўся да Мішкавіч  на ўласнай легкавушцы,  купляў на зіму бульбу. “Сабе браў на мінулым тыдні гатунак “уладар”, – патлумачыў мужчына. – Па смакавых якасцях вельмі спадабалася. Цяпер вось купляю сто кілаграмаў для цешчы. Цана нармальная  – дзве тысячы за кілаграм. Нядорага”.
Дарэчы, аптовым пакупнікам, якія бяруць адразу тон дваццаць, гаспадарка робіць яшчэ і скідку атрымліваецца 1800 рублёў за кілаграм бульбы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *