Хуліганства
Непрацуючы жыхар Обалі ў стане алкагольнага ап’янення ў двары, ля шматпавярховага дома ў гарадскім пасёлку, выказваў пагрозы ў адрас хлопцаў і дзяўчат. Пры гэтым мужчына размахваў пнеўматычным пісталетам. На грамадзяніна складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 339, ч. 3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Хуліганства”. Пісталет канфіскаваны.
Колы
Жыхар Обалі паведаміў у райаддзел унутраных спраў, што з ягонай легкавушкі, якая стаяла ля шматпавярховых дамоў, знялі два заднія колы. Узбуджана крымінальная справа. Злодзеі вышукваюцца.
Партаманет
Жыхарка Лескавіч, якая працуе ў адной з арганізацый Шуміліна, пакінула партаманет з грашыма ў рабочым кабінеце. А сама пры гэтым адлучылася на некаторы час. Калі прыйшла, партаманета (ў ім знаходзілася 800 тысяч рублёў, дзве банкаўскія карткі, залатыя пярсцёнак і ланцужок) і след прастыў. Урон, нанесены пацярпелай, складае 1,7 мільёна рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Пажар у магазіне…
А сёмай гадзіне раніцы ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што гарыць будынак прадуктовага магазіна райспажыўтаварыства, што ў Крывым Сяле. Агонь утаймавалі. Знішчаны касавы апарат, электронныя вагі. Пашкоджаны халадзільная вітрына і тавары. Матэрыялы для далейшага расследавання перададзены ў РАУС. На думку выратавальнікаў, папярэдняя прычына пажару – парушэнне эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.
…і ў трактары
На мінулым тыдні ў ААТ “АграБаравінка” згарэў трактар МТЗ-3022. Механізатар працаваў на ім з плугамі на полі ля Башнёў. Калі ўбачыў узгаранне, патэлефанаваў у райаддзел па надзвычайных сітуацыях і пачаў тушыць. Але агонь распаўсюджваўся даволі хутка і двух вогнетушыцеляў, што знаходзіліся ў МТЗ, не хапіла. Поўнасцю знішчаны гаручыя элементы маторнага адсеку і салона кабіны. Прычыны пажару ўстанаўліваюцца.
На павароце
Жыхар Шуміліна, які па аўтамабілі “Опель-Вектра” ехаў на аўтадарозе Ляжні-Мішкавічы, не выбраў бяспечную хуткасць руху і на павароце ля Міхалова не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет. Добра, што ў гэты час на дарозе нікога не было. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол.
Пры абгоне
Жыхар Бешанковіч ехаў на МАЗе па аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень. У Мікалаёве пры абгоне гужавой павозкі не ўлічыў габарыты сваёй машыны і зачапіў конскія калёсы. Людзі не пацярпелі. Вадзіцелю пагражае штраф ад 2 да 10 базавых велічынь. Акрамя таго, ён можа быць на год пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.
На “Амкадоры”
Гэта дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на пляцоўцы “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Адзін з работнікаў прадпрыемства, які ехаў на “Амкадоры”, зачапіў паўпрычэп аўтамашыны. Механізатару пагражае штраф ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.